АДДАЛЬВАЦЦА незак. Ухіляцца, адвільваць. Ён на яго ўсьсеў; нет, гаворыць, ніхто ад работы ні аддаліцца. Па адным, па адным, вышпулігаваў (гл.) усіх. Каракулічы Мядз.
АДКЛАДНЯ ж. Паліца ў драўлянай сасе. Палачаны Маладз.
АДНА-АДНЫМАЧКА. Зусім адзінокая. Даўгінаў Віл.
АДРЫНЯ ж. Вялікая гаспадарчая сялянская будыніна для жывёлы, сена. Табе не шкода адрыні, бо ты не рабіла. Каракулічы Мядз.
АЖЭВІСТЫ прым. Чэрствы, кіслы (пра хлеб). Ёсьць троху хлеба, але ажэвісты ўжо. Калачы Лаг.
АЗЯРОДА ж. Азярод. Лускава Лаг.
АЗЯРЭДЗІЦЬ, АЗЯРОДЗІЦЬ незак. Сушыць на азяродзе. Касцюкі Барыс., Рабунь Віл.
АКАЗАЦЦА зак. Паказацца. А калі ты дома, акажыся. (З валачобнай песні.) Юрава Смал.
АКОРАК м. Шынка, кумпяк. Хутар Чэрв.
АЛАВЯНЫ прым. Алавяны. Спяшок (гл.) робім з бульбы ці [яно бывае] алавяное. Семежава Кап.
АНДРЭЙКА-БАЖОК м. Божая кароўка. Мацеева Лаг.
АНІЧОГА прысл. Нічога. Каб сын быў жывы, так ні хацела б анічога. Сырмеж Мядз.
АНЯЎКАЦЬ незак. Мяўкаць. Пусці ката ў хату, не чуеш,— аняўчыць. Даўгінаў Віл.
АПАЛ м. Дровы. І апалу не дае прывесці. Семежава Кап.
АПАЛОЦЬ зак. Выпалаць. І гарод пасаджу і апалю. Саланая Валож.
АПЛЫВАТЫ прым. Рыхлы, вялы. Сын у яе недачупалы (гл.) быў, малы, аплываты. Хутар Чэрв.
АРТАЙ м. Араты. Як саха арала, гэта залежала ад артая. Сырмеж Мядз. Артай усіх корміць — і паноў, і пісароў, бо хлеб яго ядзяць. Палессе Віл.
АСАВІК м. Падасінавік. Нежын Люб.
АСАДЗЬБІШЧА н. Сядзіба. Асадзьбішча ў яго вялікае. Сырмеж Мядз.
АСПАДАР м. Гаспадар. Дай, божа, аспадарок, табе здароўя! Сакаўшчына Валож.
АСЯДЛЫ прым. Статны чалавек. Яна красівая, тонкая такая, асядлая была. Палессе Віл.
84 👁