З іншых асаблівасцей лексікі разглядаемай гаворкі трэба адзначыць ужыванне рада такіх слоў, якія ў найбольш вядомых працах, прысвечаных вывучэнню слоўнікавага складу беларускай дыялектнай мовы, як правіла, не адзначаюцца¹. На гэтай падставе іх можна аднесці да ліку мясцовых вузкадыялектных утварэнняў.
БАБІЧ м. Сын павітухі, які нарадзіўся пасля таго, як яна стала бабіць. Ты знаеш, дохна, у Ганны зародзіўся бабіч.
БАДУЛЬКІ мн. Апалая ігліца. Нагрэб бадулькоў, а цепэр корову подсьцелю.
БАРМАКІ мн. Вілы для насыпання бульбы. Возьмі бармакі да насып бульбы ў кошэль.
БЛЯХІ мн. Юшка. Засунь бляхі, а то дым на хату йдзе.
БЭЛЕЛЕМКАЧ м. экспр. Вельмі непаслухмяны чалавек. Послухай мэне, бэлелемкач, ні йдзі сёгоння з домы.
БЭЛЁН м. экспр. Непаслухмяны хлопец. Вух ты, бэлён, я ж тобе ўрэжу ў косці за гэтэ.
ВЕЯНКА ж. Савок, якім набіраюць муку. Зроблю новую веянку, а то німа чым муку браці.
ВІЛКА мн. Ухват. Поламаліса вілка мое і німа чым чыгуны доставаці з пэчы.
ВІШЭЙ м. Старая пажоўклая трава, якую косяць на подсціл. Накосю вішью, а то німа чым подослаці скоціну.
ВРУНА ж. Рунь. Ужэ з восені вэльмі добрая вруна поросла.
ВУЗДЗЕР м. Ніжняя частка снапа. Усе снопы я постаўляла вуздзерамі ўніз.
ВЭЛЁН м. Фата. Вот хорошы вэлён у молодзіцы.
ВЭНДЗІЛКА ж. Вяндлярня. Повесь усе мнясо ў вэндзілку дай ніхай вэндзіцца.
ГАРУНКІ мн. Карункі, карункавыя фіранкі. Помыла гарункі, трэбо повесіці на вокна.
¹ Маюцца на ўвазе Дыялекталагічны атлас беларускай мовы. Мінск, 1963; Бялькевіч К. Краёвы слоўнік усходняй Магілёўшчыны. Мінск, 1971; Лексіка Палесся. М., 1968; Сцяшковіч Т. Ф. Матэрыялы да слоўніка Гродзенскай вобласці. Мінск, 1972; Сцяцко П. У. Дыялектны слоўнік. Мінск, 1970; Народная лексіка. М., 1970; Юрчанка Г. Ф. Дыялектны слоўнік. Мінск, 1966; Янкоўскі Ф. М. Дыялектны слоўнік, вып. I. Мінск, 1959; вып. II. Мінск, 1960; вып. III. Мінск, 1970.
78 👁