ГРЭБЛЕЎКА ж. Рыдлёўка. Трэба ямчыну выкопаці, а грэблеўку Цімох забраў.
ГЭБЫ злуч. Нібы, быццам. Заваліўся, гэбы тая быдліна, дай седзіт.
ГЭНЬДЗЕ прысл. Там. Вунь гэньдзе стоіт. Гэньдзе на столе.
ДЗІРБАК м. Зуб бараны. Во гострые дзірбакі ў мое бороны.
ДОХНА ж. Дачка. Моя дохна ўжэ замуж выходзіт.
ДРАПАЧЭ мн. Вілы з загнутымі зубамі для выграбання гною. Для вытурзвання гною от коровы прымэняюцца драпачэ.
ЗАЛЕЖ м. Папар. Залеж — гэто запушчанэе поле.
ЗАНОЗЫ мн. Кручкі для віцця вяровак. Бач, як занозамі добрэ вэроўкі віці.
ЗАШМЭРКАЦІСА зак. Вымазацца. Во як зашмэркаўса хлопец у Волі.
ЗОЛЬНІЦА ж. Бочка, у якой адбельваюць палотны, бялізну. Покідаю ў зольніцу да ніхай парацца.
КАДЭБЭЦ м. Каробка для ягад, зробленая з кары альхі. Зроблю кадэбэц, да набэру ў его ягод.
КАЛЯНКА ж. Кавалак; луста. Вэлікую калянку сала ні рэж, а то ні з'есі.
КАПЛУН м. Абрадавая страва з хлеба і салодкай вады або малака. На коледы каплуна нароблю.
КЛУНЯ ж. Хлеў. Зажэні корову ў клуню, а то ўсю траву потопчэ на дворэ.
КОЗА ж. Агрэх. Вох як нідобрэ зробіў, узяў да козу покінуў.
КОМНЯКІ мн. Камы. Узаўтра, мамо, комнякэй натоўчэш.
КОРЖЫ мн. Водціскі пальцаў пры фармаванні хлеба. Як буду хлеб пэкці, той коржэй нароблю.
КРУК м. Вілы з загнутымі зубамі для сцягвання з воза гною. Возьмеш да круком поскідаеш гнэй і поедзеш далей.
КУПАЙЛО н. Вялікае вогнішча, якое раскладаецца моладдзю на купалле. От купайло вэлікэе зробілі.
КУСТА ж. Жанчыны, якія ходзяць і спяваюць, увешаныя лісцем і галінкамі (звычай у перыяд цвіцення бэзу). Вонь куста до нас ідзе, трэба ўстрэціці.
КУЦЯ ж. Вараны боб. Ох і смачная ў цебэ куця, дохна.
77 👁