КРЫШАН м. Пакрышаны сухі фрукт. Сёлята яблык было шмат, дык бапка нашая цэлы мех крышаноў даццы завезла.
КУТАРМА прысл. Галопам, хутка. Дзе ты іх дагоніш, калі яны вунянё аш кутарма пабеглі.
ЛАГУН м. Бітон. Адзін лагун малака калі надоіш, то гэта добра, бо пашы ніяк німа. Дык аткуль тоя малако будзя.
ЛАХМЫТКА м., ж. Чалавек у дрэнным адзенні, у лахманах; абадранец (абадранка).
ЛЁЛЯ, ЛЁЛЬКА ж. Дзіцячая начная сарочка. Хай у лёльцы сьпіць. Яна доўгінькая, дык цяплей будзя.
ЛІЗУНАК м. Смачная яда, ласунак. Яна толькі п і жыла на гэтых лізунках.
ЛІСТЭРКА н. Люстэрка. Акава ты стала? Паглядзіся ў лістэрка.
ЛУПАЧЫ толькі мн. Лупатыя вочы. Яна як вытрашчыць свае лупачы, то аш моташна робіцца.
ЛЫГА ж. абразл. Нага. От выставіць свае лыгі дзе трэба, дзе ні трэба, што ні прайці.
ЛЯХТЫЧКА м., ж. Рухавая і спрытная ва ўсім асоба. Дзіва, што яна была ў грыбах. Такая ляхтычка, траха ўвесь лес ні абабегла.
МАДЗЯСТЫ прым. Недарэчны, абы-які. Але ш такі ўжо мадзясты ён быў, а цяпер бач, які вымахаў.
МАСЬЛЯК м. Слізняк. Глядзі, які масьляк на грыбе сядзіць?
МІГЕРА ж. Пачвара.
МІСА ж. Таз вялікіх памераў. Вазьмі ў місу зьлі тыя памыі, а я потым сьвіням вылью.
МНІШКА м., ж. Мніцельная, нерашучая асоба. Яна такая мнішка, што наўрат саглосіцца ехаць з намі.
МОТУС м. Матуз. Падай мне мотус той, што вісіць ў каморы, я зьвяжу яшчык.
МУСЯКА прысл. Мусіць. Мы мусяка да бапкі нашай сходзім сёня.
МУХАЕДЫ толькі мн. экспр. Зубы. Яму і па мухаедам ні мяшала п ляпнуць.
МЫРМА м., ж. Маўчун. Ад такой мырмы слова ніколі ні выцягняш.
МЭРЛЯ ж. Марля. Дзе-та мэрлі купіла на фіранку.
МЯСЮГА ж. Мяса добрай якасці. Мясюгі мо заўтра прывязу, а то ні было ў што палажыць.
80 👁