ХРУШЭЛЬ м. Майскі жук. Вясна ў самуй сілі — хрушле так гудуць, здаецца, вербы падымаюць.
ЦЕПЕРСЯ прысл. Даўно, з даўняй пары. Цяперся ён тут жыве. Цяперся яны пажаніліся.
ЦОПНУЦЬ зак. Стукнуць нечакана, ударыць. Вось табе і кот, вось табе і прыяцель мой, па вацэ лапай калі ні цопне.
ЦЫНЦЫЛЯЦЬ зак. Бадзяцца без справы, шлындаць. Цынцыляя дзень пры дні нівець дзе. Цынцыляць з хаты ў хату ён масцяр — зайдзе, сядзя ды заглядая ў рот людзям.
ЧАД м. Чмут. Чад ты — ні чалавек, прыдзя ды пуская людзям у вочы дым.
ЧАРАВАТАЯ прым. Цяжарная. Расселася, як баба чараватая. Ні мужчына, а баба чараватая — усё яму ні так, усё яму ні гэдак.
ЧВЭРА м. Жартаўнік, пацешнік. Паклікаць таго чвэру трэба з сабою, а то нівесяло будзя без яго. Ну і чвэра, ну і чвэра, а каб яго — гэто ж бітых тры гадзіны за бокі браліся ўсе, так рагаталі.
ЧВЭРЫЦЬ незак. Жартаваць, выдумляць абы-што, смяшыць. Учора ў нас цэлы вечар прасмяяліся — гэдак хлопяц ваш чвэрыў, гэдак чвэрыў.
ЧЫСТО прысл. Нібы, зусім як, як. Чысто здурнеў чалавек, месца сабе ні знаходзіць. Чысто вар'ят які, бегая ад хаты да хаты.
ЧЭНДА ж. Жмінда. Чэнда некая — ні баба, жміндзіць і жміндзіць, усё ёй нешто нідалягая, нешто ні дастае, усё ні гэдак, усё ні так.
ЧЭНДЗІЦЬ незак. Надакучваць гаворкамі, просьбамі, ныць. Цэлы дзень чэндзіць ды чэндзіць, нудно ад твае гаворкі.
ЧЭРАН, ЧАРЭНЧЫК м. 1. Дзяржанне. Чэран у вілах зламаўсё. 2. Палачка. Купіла чарэнчык каўбасы.
ШАСНУЦЬ зак. Разануць; ударыць. Дзіво што, па костцы так шаснуць, то і баліць так доўго. Людзі толькі з кустоў, а паліцыянты як шаснуць па іх — пабілі многіх.
ШМЫГАЦЦА незак. Хадзіць сюды-туды. Чаго ты цэлы дзень шмыгаяшся то з хаты, то ў хату? Шмыгаюцца і шмыгаюцца — усё цяпло выпусцілі.
ШУГАЦЬ незак. Гушкаць, калыхаць; паласкаць. Каторую гадзіну я шугаю гэтаё дзіця? Шугала плацё на рэчцы.
83 👁