прорву. Дачцы ўсё тахціць ні натохніцца. Ні дурная, тахціць абы-каму ні будзя.
ТОЧКА ж. Гайня; зграя. Цэлая точка сабак пабегла. Дзе ты той сад уберажэш: дзеці точкамі, як сабакі, бегаюць.
ТРУХІНЯЦЬ незак. Ісці подбегам. Куды ты так трухіняяш на змяркані.
ТРЭЛІЦЬ незак. Гаварыць абы-што, лухту вярзці. От трэліць тут абы-што — ідзі дахаты.
УДАВАЦЬ незак. Нагаворваць. О, яна спрытная ўдаваць, спрытная абы-што на чалавека наплявузгаць.
УЗБАМБЕРЫЦЦА зак. Узлезці, узбіцца. Такі дзяцюк, а ён узбамберыцца на калені, трымай яго.
УЗБУРЫЦЦА зак. Вельмі захацець, усхадзіцца, разбушавацца. Мы ўзбурыліся былі тады хату новую ставіць. Пасля таго навальнаго дажджу рэчка так узбурылася, так з берагоў выйшла, што агароды ажно затапіла напалавіну.
УКРАМПАВАЦЬ зак. Замацаваць, уціснуць. Так укрампавалі воз сена, што хоць сто вёрст вязі — ні разваліцца.
УЛІГАЦЬ: НЕ СЦІХАЦЬ, НЕ ЎЛІГАЦЬ. Бясконца (працаваць, кашляць і інш.). Працуя чалавек — ні сціхая, ні ўлігая. Кашляя — ні сціхая, ні ўлігая.
УПРАВУНАК м. Штодзённыя клопаты па гаспадарцы. Які ў яе там управунак — свінча ды курэй некалькі.
УПРАЎЛЯЦЦА незак. Уходжвацца па гаспадарцы. А я ўправілася барджэй ды да вас от — гэто ж па цілівізары такая перадача будзя, кажуць.
УСКУРАЦЬ зак. Паспець усюды, прыкласці рукі да ўсяго. Дзе ты ўсюды ўскураяш. Ні магу ўскураць, каб усё зрабіць у пару.
ФЭФАР м. Сіла, моц. Фэфару ў цябе яшчэ мало, кап ты гэты мех падняў. Фэфару не хапіла справіцца з гаспадаркай: малады, зялёны быў.
ХВАРАВЕКА м., ж. Хваравіты чалавек. Хваравека нейкая ўрадзілася, ні хлопяц.
ХЛЯБА ж. Упадзіна ў каровы каля клуба. Якая гэто карова—адны рэбры ды хлябы, дачакаяшся ты ад яе малака. У твайго каня хлябы, як у каровы.
ХРАШЭЛЬ м. Грузд. Збыць вельмі много ў лесі сёня было грыбоў, храшлёў асабліво; каб было ва што — больш можно было набраць.
78 👁