КРАПІЎНІЦА ж. Курыца, якая вывела куранят употай. Думала, прапала мая добрая курыца. Ан – крапіўніца. Гляжу – вядзе байструкоў. Баруны Ашм.
КРАПУШКА ж. Булка з макам. Сьпякла крапушак пару бляхаў, дык дзеці мігам пахваталі. Маку ні было, сьпякла б больш. Леснікі Лід.
КРАСНАЛЮДАК м. Гном. Я табе раскажу каску пра красналютка. Грабава Зэльв.
КРАСОНКА ж. Керасінавая лямпа. Тады ш сьвятла такого ні было, запалім красонку й прадзем даўжэй. Міклашоўцы Маст.
КРАТОВІНА ж. Куча паточанай кротам зямлі. Трава добра, аля каса тупіцца, бо кратовінаў поўно. Грабава Зэльв. Нара, вырытая кротам. Паліваяш-паліваяш, а вады ні відно, мусіць, у кратовіну цячэ. Грабава Зэльв.
КРУГЛЯК м. Жаночая безрукаўка на ваціне. Такі марос стаіць, кап кругляка ні паддзела саўсім ба замерзла. Вінькоўцы Лід.
КРУЛЯВАЦЬ незак. Пасвіць (жывёлу). Я ат самаго ранку кароў крулявала, то нічого гэтаго ні бачыла. Біцеўцы Шчуч.
КРУПЯНІЦА ж. Падсмажаная кілбаса, начыненая дранай бульбай. Во, еш гэты кусок крупяніцы, з малаком натто смашно. Верцялішкі Гродз.
КРУТАГОЛОВІК м. Той, хто круціць галавою. Што ні скажы, усё пакручвая галавою і мармыча: неа, ні гэдык. От крутагаловік гэты. Савічы Зэльв.
КРУЦЕЛЬ м. Суніца. Дзеўчына мая назьбірала цэлы збаночак круцялёў. Бакунова 2 Іўеў.
КРУЧ м. Двухсотграмовая бутэлька. Мой дзет, калі йдзець грабіць сена, бярэць с сабой круч з воткай. Паграбіць троха і палыкнець, тады, казаў, спрытней грабецца. Малі Астр.
КРУЧ ж. Вір. Ні плыві туды, бо там такая круч, утапіцца можно. Кронькі Шчуч.
КРУЧАЙКА ж. Маток нітак на верацяне. А ў хаці кручайка лёну асталася. Капці Дзятл.
КРУШАВЕЯ ж. Завіруха. Гэто ш пасьля той крушавеі склеп ні аччыняяцца, дзьверы сьнегам заваліло. Гудзевічы Маст.
КРЫВЯНДА ж. Калека, «скрыўленая» хваробай (жанчына). Век замуш ні возьмуць крывянду гэту; Крывянда, а задаецца, і ўсе ёй нідобрыя. Старое Сяло Зэльв.
КРЭДАНС м. Буфет. Прынясі с крэдансу шклянак. Рэпавічы Бераст.
91 👁