КАЗЕРЫЦЦА незак. Задавацца. Канчай казерыцца! Ўсе мы знаям, які ты! Тракелі Воран.
КАЗЁНКА ж. Казённая сякера. Дзед узяў казёнку і пайшоў у лес. Востухава Карэл.
КАЗЛЫ мн. Ткац. Прыстасаванне, на якім развіваюць ніткі. Казлы – ніці на іх разьвівалі. Масцішча Навагр.
КАЗЮРА ж. Казяўка, кузурка. Ні тапчы жука, хай паўзець. Усякая казюра, дзеткі, хочыць жыць. Косцевічы Астр. Чалавек з нікчэмнымі магчымасцямі. Ён у гэтай справе казюра, тут не для яго дзяла. Косцевічы Астр.
КАЗЯНЯ н. Казляня. У нашае казы адно казяня нарадзіласё, больш ні прывяла. Грабава Зэльв.
КАЛАБЫ мн. Бліны. Напякла калабоў, паела й пашла на работу. Старая Дубавая Гродз.
КАЛАНАТЫ прым. Каляны. Алі ш і выкупіла ты сабе мацір'ял – каланаты нейкі, абдзёрціся можна. Будзіць табе мода. Косцевічы Астр.
КАЛАСАВІК м. Дождж, які ідзе ў час, калі калосіцца жыта. Пайшоў каласавік – жыта забуяя. Нача Воран.
КАЛБАТУХА ж. Яечня з разбоўтаных яек, у якую дабаўлены мука і малако. Ай, смачна калбатуха, мусі, много яяк убіла? Моцеўцы Шчуч.
КАЛБУЧЫЦЦА незак. Зніж. Бурчаць (у жываце). Бывало, пойдзяш на работу ні еўшы, а пасьля так ужо ш у жываце калбучыцца, хоць уцякай на гуліцу, каб людзі ні чулі. Леснікі Лід.
КАЛІВАРА ж. Могілкі. Людцы, чулі, каліварy нашу трахтарамі хочуць зраўняць! Раневічы Свісл.
КАЛМАЧ м. Непахв. Калматы. Ужэ мо з гот ні стрыжэцца калмач гэты. Зарос, як у папа косы; От калмач гэты твой сабака. Можно шэрсьць стрыхчы. Валькевічы Зэльв.
КАЛМЫГА м. і ж. Экспр. Неахайны чалавек. От калмыга, нават ні адзеняцца чысьцей. Вішнеўка Бераст.
КАЛОКВІНА ж. Чаромха. Наламі калоквіны, пастаў у букет. Кватары Бераст.
КАЛОТКА ж. Замок. Нашто на гэтыя дзьверы калотку вешаць? Вялікія Ёдкавічы Бераст.
КАЛПЕКША м. і ж. Экспр. Неахайны, неакуратны чалавек. Трэбо вымыць хоць калпекшу гэту малую, й тады пойдзямо. Вялікія Азёркі Маст.
79 👁