ЗДЫРБІЦЦА зак. Памерці. Так спалохаўся, што чуць ні здырбіўся ат страху. Тужаўляны Гродз.
ЗЕНЬКАЦЬ незак. Груб. Глядзець. Чаго зенькаяш? Рабіць трэ хуччэй. Правыя Масты Маст.
ЗЖАБУРЭЛЫ прым. Перакіслы. Ні пі ты, дзетка, гэтая малако. Яно ўжэ жжабурэло. Мо, атстоіцца, то сыр зробім. Бярозаўка Лід.
ЗЗЯДУХА м. і ж. Чалавек, схільны да сваркі, які заядаецца з іншымі. Сьвякруха нека зьзядуха, усю пору ёй нешто ні так. Рыбакі Шчуч.
ЗЛАДЗЕІЦЬ незак. Рабіць, лічыць (каго) злодзеям. Што ты міне зладзеіш, я нігды ні ў кого ні краў! Грабава Зэльв.
ЗЛАЦЕМЛІВА прысл. Сярдзіта, са злосцю. Злацемліва пазіралі суседзі, як маю дачку зьнялі з магазіна, думалі, што яна там нажылася. Прывалка Гродз.
ЗМАЛЕНЬКАГО прысл. Змалку. Ён і змаленькаго гэдыкі здыхляк, адно ўсё хварэя. Старое Сяло Зэльв.
ЗЛУПКА ж. Лубянка. Узяла злупку зярно насыпаць. Малі Астр.
ЗМАЛЯВАЦЬ зак. Надзьмуць. Чаго ты губы змаляваў, што табе ні наравіцца? Белалозы Дзятл.
ЗМЫВАК м. Ануча для мыцця посуду. Недзе змывак заваліўся, няма чым посуд памыць. Альхоўка Навагр.
ЗМЫДЛІК м. Змылак. Мыла трэбо купіць, бо ўжэ тылько змыдлік застаўся. Чарлёнка Маст.
ЗМЭНЦІЦЬ зак. Іран. З'есці. А казаў, што есьці ні хочаш, а то ш глядзі, змэнціў усё. Каліноўская Свісл.
ЗМЭРТАЦЦА зак. Разбэсціцца, выйсці з-пад кантролю. Саўсім змэртаўся наш Стась, начаваць нат ні йдзе дахат. Хамічы Маст.
ЗМЯРГАВАЦЦА зак. Іран. Дамовіцца. Ні зьмяргаваліся яны-такі. Тупалы Карэл.
ЗНЕХТАВАЦЬ зак. Прынізіць. Знехтавала яго зусім. Міратычы Карэл.
ЗНІБЕЦЬ незак. Балець (не моцна, але надакучліва). Зубы ў міне нешта знібяць, можа ўчора ў ногі змёрс. Мыслова Слонім.
ЗНОЎ пабоч. Да таго ж. Хворы я ці здаровы – што табе. Ты, зноў, ні дохтар, ні вылячыш; Я ні паеду туды. Ты, зноў, ужэ быў там. Старое Сяло Зэльв.
ЗНЮШЧЫЦЦА зак. Скруціцца ў клубок (пра сабаку). Як холад на дварэ, дак сабака знюшчыцца каля віранды і ляжыць. Уселюб Навагр.
81 👁