ЗГРАЙСАВАЦЬ зак. Здратаваць, стаптаць, скамечыць. Усю пасьцель зграйсаваў зь дзеўкаю. Мяжырычы Зэльв.
ЗГРЫЖА ж. Сварка, лаянка. Было ўсё ціхо, а як узяў гэту халеру, то пачалася ў хаці згрыжа. Куляшы Шчуч.
ЗГРЫЗЦІСЯ зак. Змучыцца, зведаць вялікія перажыванні. Згрызлася толька ў чарзе, столька выстаяўшы. Астравец. Яна так згрышшыся, такоя беднай бабе перажываня, высахла ўся. Косцевічы Астр.
ЗГРЭТАШЫЦЬ зак. Здратаваць. Я ш старалася, столькі сілы паклала на тых градах, а ён усё згрэташыў. Хрустава Свісл.
ЗДЗЁР м. Тлушч з нутранога сала. Добра сьвіня была, вядро здзёру натапіла. Лаўрынавічы Свісл.
ЗЕЛЬЁ н. Пустазелле. Ні ў пору сталі палоць, то зельё заглушыла ўсе бураке. Крывічы Зэльв. Зёлкі. Парашкоў старая ніякіх ні п'е, усё зельям лечыцца. Крывічы Зэльв.
ЗЕЛЬНІЦА ж. Свята, якое адзначаецца пятнаццатага жніўня. Прачыстая. Зельніца натта ш вялікае сьвята, яно перад Спасам, сярэдзінай аўгуста яго сьвяткуюць. Баруны Ашм.
ЗЕЛЯНІЦЬ незак. Зелянецца. Ужэ жыто пасходзіло і падрасла рунь, зеляніць здалёк; На грудзе ўся трава высахла, а дзе ніжай – ішчэ зеляніць. Крывічы Зэльв.
ЗЕНЬКІ мн. Экспр. Вочы. Ні ўспеў зенькі пралупіць, а ўжэ да столу лезяш. Вялікая Бераставіца Бераст.
ЗЁМП м. Плынь паветра. Тылько аччыніш дзьверы, так і дасьць зёмп халонны. Вішнеўка Бераст.
ЗДАЛІЦЦА зак. Здоўжыцца (пра адлегласць). Ох ы здалілася дарога дадому. Дубаўцы Ваўк.
ЗДАТНЫ прым. Прыгожы. Свэтар такі здатны сабе зьвязала, лепшы за куплёны. Рагозніца Маст.
ЗДАТЫНАВАЦЦА зак. Засаромецца. Ён пачырванеў, здатынаваўся, і крычаць на яго ні было як. Драгуці Воран.
ЗДАЦЦА зак. Ударыцца, стукнуцца аб што-н. Нага ў калені баліць, як здаўсё каленам ап камянь, падаючы з ровара. Старое Сяло Зэльв.
ЗДЗЯРБАНІЦЬ зак. Неакуратна скасіць. Паслаў сына касіць дзялку, дак той так здзярбаніў яе, што ні пазнаяш, дзе кошано, а дзе не. Кашалёва Навагр.
ЗДРЫНДЗЕЦЦА зак. Памерці. Ён быў зусім хваруткі, пажыў крыху, а потым узяў і здрыньдзеўся. Вярэйкі Ваўк.
ЗДУДУЛІЦЦА зак. Моцна змёрзшы, знерухомець. Чаго здудуліліся, скарэй ускоквайце ў хату. Сурынка Слонім.
80 👁