ВЫЧАПЛЮСЫ мн. Пацеркі. Палянця на яе, зноў мае вычаплюсы забрала. Мыслава Слонім.
ВЫЧАЎПАЦЬ незак. Вычаўпляць, вытвараць. Вычаўпая сам ні ведая што, мабыць, з глузду з'ехаў. Пушчыкі Свісл.
ВЫЧВЯРАЦЦА незак. Прыдурвацца, блазнаваць. Прастань вычвярацца, вазьмі мыдла і памыйса. Цыдовічы Гродз.
ВЫЧЫРГАЦЦА зак. Паправіцца пасля хваробы, акрыяць. Я ўжо думала, што Міша ні ўстаня на ногі, алі ш неяк вычыргаўся. Морына Іўеў.
ВЭЛЬВАЛЬ м. Абразл. Вялікі жывот. Чаго ты сьмяесься з міне, бабы; палядзі на свой вэльваль. Як у пароснае авечкі ўсёроўно. Мяжырычы Зэльв.
ВЭМПІЦЬ незак. Паважаць. Ты яго зусім ні вэмпіш, а трэ было п. Каменка Бераст.
ВЭПСАС прысл. Нахабна, напралом (кідацца, лезці). Што гэта ты на бацьку вэпсас кідаіціся? Што ні скажы, усё ні так. Косцевічы Астр.
ВЯЗАНКА ж. Вязаная хуска. Пакажы мне сваю вязанку. Вялікія Ёдкавічы Бераст.
ВЯЗАННІК м. Той, хто вяжа; вязальшчык. Адныя жнуць, а другія хай вяжуць. Мужчыны хай будуць вязаннікамі (снапоў). Дзярэчын Зэльв.
ВЯЗАННІЦА ж. Жанчына, якая вяжа. Швэдру зьвязала добро. Акуратная сь цябе вязанніца. Дзярэчын Зэльв.
ВЯЛЁНДА ж. Непахв. Неакуратная жанчына. Прычашыся, а то як вялёнда ходзіш. Камаровічы Карэл.
ВЯНДЗІЦЬ незак. Вэндзіць. Трэ сало вяндзіць, то смашнейшо будзя, ні будзя так ялчаць. Старое Сяло Зэльв.
ВЯРЭЦЯ ж. Гунька. Накінь вярэцю на каня. Лішкі Бераст.
ВЯТРУФКІ мн. Басаножкі. Ужо пара й вятруфкі насіць, цёпла стала. Варняны Астр.
ВЯЧАЦЬ незак. Гучна плакаць. От, хлопяц вячаў, аш хата дрыжэла. Пушчыкі Свісл.
Г
ГАБДЫЛІК-ГАБДЫЛІК-ГАБДЫЛІК выкл. Дзіц. Як імітацыя шуму пры бегу каня. Сядзіць мой сынок на коніка і паедзіць: габдылік-габдылік-габдылік! Косцевічы Астр.
ГАВАНДЗЮРА м. і ж. Чалавек, які шмат гаворыць. Такі ўжэ быў гавандзюра, што, бывала, ніхто зь ім ні згаворыцца. Дварчаны Шчуч.
89 👁