АПЛУГВАЦЬ незак. Акучваць (бульбу ці іншыя сельскагаспадарчыя расліны). Бульбу трэба аплугваць, каб ні перарасла. Сонічы Гродз.
АПОЕК м. Той, хто шмат выпівае, п'янствуе; п'яніца. Наш Мішка такі апояк, што сьвет божы ні бачыў. Забагонче Зэльв.
АПУСКАНКА ж. Зацірка. Мая баба варыла смашну апусканку. Церахавічы Свісл. Ці знаяця вы, што гэто апусканка? Муку перацерці з яйцом, апусціць у ваду, а лепяй у малако. Жукоўшчына Дзятл.
АПУЦАЛАВАТЫ прым. Круглатвары, з абвіслымі шчокамі. Апуцалаваты можа й с хваробы быць Ясь, бо ш калолі яго ў больніцы много. Заполле Маст.
АПУШЧЭНЕЦ м. Асудж. Той, хто апусціўся, не глядзіць за сабою. Які быў, такі й застаўся, пражыў век апушчэнцам. Капцёўка Гродз.
АПЭНЧА м. і ж. Экспр. Няўклюда. Ну і апэнча ты, усё з рук у цябе валіцца. Пагародна Воран.
АПЭНЧАЛА м. і ж. Экспр. Няўдалы чалавек. Паглядзі на сябе, апэнчала, змарнавала такую спадніцу! Пераганцы Воран.
АПЭТРЫЦЬ зак. Зніж. Абрэзаць, абстрыгчы. Валасэ сьвае так апэтрыла, што ні пазнаць цяпер. Лежневічы Іўеў.
АРГАНІСЦІНА ж. Арган. Ой, кап ты чула, як ў касьцелі арганісьціна йграла - аш сэрца заняло. Акмянеі Ашм.
АРЫШТАНЕЦ м. Свавольнік. У іх хлопяц такі арыштаняц, ні на кога ні зважая. Чураі Дзятл. Арыштаняц гэты адзежу парваў на сабе, а ўсё бегая, упыну яму німа! Старое Сяло Зэльв.
АСАБОВА ж. Цягнік. Па чыгунцы пайшла асабова. Ятвезь Свісл.
АСВЕР м. Студня. У нашым асьверы натта смашна вада. Юшкавічы Свісл.
АСВОЛАК м. Палена з тоўстым канцом. Перабіў хлопцу нагу асволкам. Нагорнікі Дзятл.
АСЕДЛАСЦЬ ж. Сядзіба. Уся аседласьць - дваццаць сотак займая. Грабава Зэльв.
АСКРОБКІ мн. Лупіны ад бульбы. Аскропкі сьвіням зварыць трэба. Вугляны Смарг.
АСОТНІК м. Месца, дзе некалі рос асот. От добра картопля будзя ў гэты гот, асобянно за асотнікам. Ваўкавічы Навагр.
АСТРАКОЛ м. Плот, зроблены з высокіх завостраных штыкецінаў-калоў. Аля й зрабіў высокі астракол, што на надворку нічого ні відно. Дзембрава Шчуч.
92 👁