БУДЗІК м., заал. Певень. Мой будзік на правую нагу храмаць стаў, мусіць, нехта яму нагу падбіў. Бачэйкава Беш.
БУДЗЬМА часц. Хай. Будзьма стаіць, яна мне не мяшае. Мікіціха Шум.
БУДЗЯНКА ж. Брудная вада. Зараз возера наша – адна будзянка, а раней чысцюткае было. Падворыца Сен.
БУДКА ж. 1. Прыбудова (пакой) без печы, дзе жывуць толькі летам. Летам у хаце ён не спаў, а начаваў заўсёды ў будцы. Заессе Чаш. Брат пайшоў спаць у будку. Лескавічы Шум. Параўн. бярвёнка. 2. Верхняя частка калодзежа. Будкай мы завём верхнюю часць калодзежа. Доўжа Віц.
БУЁН прым. Буйны. Буён вецер дуіць, мусіць, дождж будзіць. Велеўшчына Леп.
БУЗА толькі адз. 1. Іл у вадаёме (рацэ, возеры); гразь. Залезеш у бузу, выкачаешся ў гразі – і ідзеш дамоў мокры. Дзегцяры Брасл. Кругом адна буза. Двухполле Гар. Ваду ўсю вычарпалі чысцінькую, адна буза засталася. Стуканы Глыб. Ідзі асцярожна і не лезь у бузу. Заазер'е Уш. У бузе ліноў многа. Плаўнік Чаш. Пасля дажджу не маглі ў школу ісці – такая буза была. Таўкіні Шарк. 2. перан. Шум, спрэчка, скандал, беспарадак. І тут пачалася такая буза! Нурава В.-Дзв. Не паднімай бузы, супакойся! Сакалянка Тал. Параўн. буч.
БУЗЯНІЦЬ незак. Муціць ваду. Малыя плёскаюцца і бузянюць ваду, пасля іх ужо не пасціраеш. Цясты В.-Дзв. Дзеці на рэчцы пачалі бузяніць ваду. Новае Сяло Сен. У дзяцінстве нас на раку купацца не пускалі, дык мы ваду бузянілі ў сажалцы. Абухава В.-Дзв.
БУЙТАВАННІК м. Пра таго, хто да знясілення працуе. Ідуць буйтаваннікі з лесу, натаміліся, ледзь ногі цягнуц. Дварэц Чаш.
БУЙШЧЫК м. Буйны, неўраўнаважаны чалавек, забіяка. Ён буйшчыкам нарадзіўся, буйшчыкам і памрэ. Бачэйкава Беш.
БУК м. Вір; глыбокае месца на рацэ. У нас у буку малец у прошлым гаду ўтапіўся. Баева Дубр. Параўн. бохат.
БУКАЎНІК м., бат. Васілёк лугавы. Расцвіў букаўнік на лузе, пчолкі і шмялі лётаюць. Цясты В.-Дзв. Ты букаўнік збірала на лякарства ці проста для красы? Боркавічы В.-Дзв. Параўн. бычыннік.
БУКЕТНІК м. Збан для кветак; ваза. Назбірала ў полі кветак і паставіла ў букетнік. Езярышча Гар.
БУКЛАГА гл. БАКЛАЖКА
БУКЛЕТКА ж. Грэбень; круглая расчоска. Вось на буклетку, расчашыся. Бешанковічы.
82 👁