БРЯДЗІННІК м., бат. Зараснік вярбы; галлё вярбы. Брядзінніку наламалі. У нядзелю перад Вялікаднём усі ходзім брядзіннік свяціць. Асташэва Лёзн.
БУБАРЫ, БУБАРЫКІ гл. БАБУРА
БУБНЕЦЬ незак. Быць цяжарнай. Яно ўжо і відаць: троху бубніць маладуха. Казлы, Маляўкі Міёр. Параўн. бушнець.
БУБНЁЎКА аг., асудж. Чалавек, які пастаянна незадаволена бурчыць, паціху абураецца. Бубнёўка ён: бубніць і бубніць. Баршчоўка Віц.
БУБУРЫ гл. БАБУРА
БУБЫШАК м., бат. Бутон; кветка, што яшчэ не распусцілася. Бубышкі, здаецца, яшчэ спяць. Белая Ліпа Сен.
БУВАЛЬНІЦА ж. Самаробная тканіна, у якой аснова льняная, а ўток баваўняны. Метраў дзесяць бувальніцы выткалі. Кашталянаўшчына, Празарокі Глыб.
БУГАРЧАТКА ж., мед. Сухоты; туберкулёз. Мама казала, што мой прадзед памёр ад бугарчаткі. Гацькаўшчына Арш. Параўн. беркулёз, біркулёз.
БУГІНЯ ж., бат. Вялікая, буйная бульба. Бугіню я ў мяшкі пассыпала і ў кладоўку зацягнула, а дробную свінням аставіла. Спігальшчына Міёр.
БУГОР м. Бурт; сховішча для бульбы. Бугор трэба зрабіць заране. Шарагі Міёр. // перан. Любы начальнік. Брыгадзір – сур'ёзны бугор. Пагосцішча Лёзн.
БУГРАК м. Бугарок. Бугракі тырчаць па ўсяму полю. Пралетарыя Уш.
БУГРІЦЬ незак. Біць. Бугріў іе і муцюкаў, што ні давядзі бог! Валынцы В.-Дзв.
БУДА ж. Будан; памяшканне для дроў. Тапор у будзе ляжыць. Дрысвяты Брасл.
БУДАК м., бат. Асот; агульная назва калючай травы. На полі будак парос – не магу выкараніць, хоць ты плач. Крынкі Лёзн, Заазер'е Глыб. Будак – вельмі калючая трава. Багданава Сен. За садам рос будак. Латыгаль Сен. Параўн. бадзюкі, бадзяга.
БУДАН м. Посуд, у якім стаіць у памяшканні вада. Паглядзі, ці ёсць вада ў будане. Казімірова Пол. Параўн. бадзёжка, бодня і бадня ў 2 знач., бадзяга у 2 знач., байдэрка, балейка.
БУДАРАГА ж. Раптоўныя турботы, лішні клопат. Ад гасцей у хаце адна бударага. Мосар Глыб.
БУДЗЁНІШНІ прым. Сённяшні. Там будзёнішняя газета прыйшла. Валынцы В.-Дзв.
89 👁