Старонка 89
◀ / 305 ▶
БОЛТКА, БОЎТКА ж. 1. Рыбацкая прылада – доўгі шост з патаўшчэннем на канцы, які служыць для палохання рыбы моцным шумам і загону яе ў сетку. Дзе твая болтка, стары, паказаць чалавеку? Мілашова Міёр. Рыбакі ўзялі боўтку, каб лягчэй было налавіць рыбы. Свяча Беш. Бяры пад страхой боўтку і нясі ў лодку. Празарокі Глыб. Узяў дзедаву боўтку і пайшоў на раку. Тупічына Шарк. Сёння ў ноч з боўткай паедзем на рыбу. Рускі Шум. Параўн. балдавешка, болдаўка, баўтун, боўт. 2. Бойка; прылада для збівання масла з вяршкоў малака ці са смятаны. Суседка папрасіла боўтку, каб збіць масла. Сасноўка Глыб. Параўн. бітка. 3. аг., перан., абразл. Бесталковы чалавек, дурань, балбатун. А памаўчы ты трохі! Вот ужо болтка дык болтка! Снегі Міёр. Ці ж ты не боўтка, калі нарабіў столькі бяды? Макаравічы Докш. Параўн. баўдзіла, боўдур, брадун. БОЛЦІЦЬ гл. БЛОЦІЦЬ БОЛЬКА гл. БАЛЕСЦЬ БОМАЛА м. Званок. Чую: раптам зазвінеў бомала. Вярхоўе Беш. Параўн. балабайка, балабашка, бон. БОМБА ж., часцей мн. БОМБЫ кулін. Блін з мясам. Бабуля, як заўсёды, на фэст наробіць кацёл бомбаў. Дрысвяты Брасл. БОМБА ж. 1. Вялікая бутэлька аб'ёмам 700 ці больш мл. А дзе ж ты бомбу дзеў? Яна ж мне нада, каб вады ўзяць. Прамышляды Паст. 2. Бутэлька таннага пладова-ягаднага віна. Дапамагаць ён будзе табе, глядзі! Учора купіў бомбу – дык і сёння няма яго. Мількі Брасл. Параўн. бамбуля, бамбэла, бомбіна, бітлага. БОМБІНА гл. БАМБУЛЯ БОН м. Звон. Здалёк чуўся бон. Галбея Паст. Параўн. балабайка, балабашка, бомала. БОНДА ж. Буханка хлеба. Ён бонды дзелаіць: у людзей накрадзець – бонду зладзіць сабе ціханька. Лісна В.-Дзв. Купі дзве бонды хлеба. Баравуха Пол. Параўн. бухан, боханка, бухатка. БОНДА ж., заал. Цялушка, якой споўніўся адзін год. Ад той старай каровы асталася бонда. Ад яе, як і ад старай, будзіць многа малака. Быцава Беш. БОНДАЎКА ж. Дзіцячая цацка; самаробная бразготка для забавы дзяцей у выглядзе надутай кішкі з фасоллю або гарохам. Зараз дзецям раскоша – ігрушак розных. Раней зробяць бондаўку – малым радасці!.. Спігальшчына Міёр. БОНДАЧКА ж. Невялікая каўбаса, скручаная ў круг. А мне суседка на Вялікання бондачку прынесла. Зарачыцак Докш. Трэба бондачку зварыць. Старое Лядна Леп.
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
82 👁
◀ / 305 ▶