БОГАЎКА гл. БАГОЎКА
БОДНЯ, БАДНЯ ж. 1. Вялікая бочка для збожжа. Пакуль дажджу няма, трэба жыта абмалаціць і ў бодню насыпаць. Паўлава Рас. Параўн. бочанка. 2. Драўлянае ці металічнае вядро для вады. Бодня стаіць на ганку, карова пап'е вады. Барсукі В.-Дзв. Вазьмі папі – вун халодная вада ў бодні стаіць. Гарадзец Шарк. А сколькі мне нада? Мне адной бадні вады хватае на нядзелю. Домнікі Пол. Параўн. бадзёжка, бадзяга у 2 знач., байдэрка, балейка, будан.
БОДРАЯ ж. Назва заразнай, пераважна дзіцячай, хваробы. Малыя рабяты ўсе паляглі ад бодрай. Гута Паст.
о БОЖАЯ КАЗЮЛЬКА ж., заал. Божая кароўка. Па вакну паўзла божая казюлька – такая чырвоная ў крапінку. Старыя Лаўкі Чаш. Параўн. багоўка, богаўка.
о БОЖЖА КРЭЎКА ж., бат. Зверабой. Божжа крэўка пры розных хваробах добра памагае. Пашкі Шарк.
о БОЖЫЯ СЛЁЗКІ мн., бат. Гваздзік; травяністая расліна сямейства гваздзіковых з пахучымі кветкамі чырвонага, ружовага або белага колеру. Глядзі, якія божыя слёзкі! Яны ў букеціку добра стаяць. Бігосава В.-Дзв.
БОЙ м. Будзільнік ці гадзіннік з боем (са звонам). Гэты бой мне яшчэ ад бабкі дастаўся. Бараны Глыб.
БОЙНЫ прым. Утаптаны. На тым месцы была бойная дарога. Анэліна Тал.
БОЛА часц. Бывала. Бола, пойдзем ранënька ў лес. Верамееўка Гар.
БОЛАЦЬ гл. БАЛАЧЫНА
БОЛБАТКІ, БУЛБАТКІ мн. Пузыры на вадзе ў час дажджу. Паліў дождж, болбаткі аж булькалі. Шарагі Міёр. Дожджык ідзе і сонца свеціць, а булбаткі такія цёплыя! Круткі Паст. // Мыльныя пузыры. Дзеці з мыла булбаткі рабілі і пускалі. Баруны Брасл. Параўн. бурбалы.
БОЛДАЎКА гл. БАЛДАВЕШКА
БОЛЕ, БОЛІ, БОЛЬШАКА прысл. Больш. Счас жа боле вучоныя, боле вучуцца. Узмёны Міёр. Песні пела ўсё болі жаласныя. Бароўка В.-Дзв. У гэтым гаду ўражаю назбіралі болі,чым летась. Нямойта Сен. Калі захочаш, каб карова малака болі давала, то будзеш падкармліваць пасля пашы. Еўлахі, Ламіншчына Тал. Болі я цябе не буду вучыць. Бор Чаш. Большака мне супу не падлівай, хопіць. Новы Двор В.-Дзв.
БОЛМАТ гл. БАЛМАТ
БОЛМУТ м. Размова. Болмут такі быў, як паехаць на цаліну. Чарневічы Глыб.
84 👁