БЛЫШЫЦЬ незак. Здзекліва лаяць каго-н. Што ж ты яго блышыш, ён жа не хацеў гэтага. Каханавічы В.-Дзв.
БЛЭНДА гл. БЛЫНДА
БЛЭНДЗІЦЬ незак. 1. Псаваць. Ня блэндзі мне касу. Надазер'е Глыб. Параўн. блоціць у 1 знач., болціць, быткаваць. 2. Балбатаць, гаварыць глупства. Блэндзіць дзядзька абы-што, а ты яго, цётка, слухай. Лашукі Паст. Параўн. бадзёць, балхвіць.
БЛЮДАК м. Сподак. Налі чаю ў блюдак. Суднікі Арш. Мама мая даўней усё чай з блюдка піла. Бортнікі Глыб. У блюдак наліваю варэнне. Балаі Паст.
БЛЮЗКА, БЛЮСКА ж. Сарочка, блузка. Купіла мацір'ялу на блюзку, але ціпер нада даццэ адаваць, сільна цвятоў многа. Іказнь Брасл. На вечар надзела галубую блюзку і чорную спадніцу. Опса Брасл. Адзень сёння блюзку новую. Гатаўшчына Глыб. Новую блюзку на кірмашы купіў бацька, на першы дзень Вялікадня надзела яе. Ветахмо Докш. Поля купіла новаю блюску. Сенькава В.-Дзв. Даццэ во блюску такую нічога выкупіла. Макаравічы Докш. Надзень блюску – я пагляжу. Язна Міёр.
БЛЮЗНІЦЬ незак. Блудзіць. Пайшла па грыбы і блюзніць пачала рана, ледзь світала. Андронавічы Віц.
БЛЮСЦІ незак. Берагчы, захоўваць, эканоміць, ашчаджаць. Я блюду гэта пісьмо і сёння. Пашына Арш. Навошта ты блюдзёш ваду? Замошша Сен. На ўсякі выпадак трэба блюсці грошы. Обаль Сен. Бывала, блюдуць кіўбасы да Раштва. Дабея Шум. Не блюла сарочкі, а спаліла. Чачанева Тал. Нада блюсці яго, нікому не паказваць. Вялікае Сяло Сен.
БЛЯДЫ прым. Бледны. Твар такі стомлены, бляды, як у нежывога. Арэхаўск Арш. Ён быў сусім бляды. Куты Беш. Гляжу я: у цябе твар бляды. Малы Поўсвіж Леп. У цябе бляды твар. Проземля Чаш.
БЛЯЙСТЭРКІ мн., кулін. Смажаная бульба, нарэзаная кружочкамі. На стале стаіць поўная патэльня бляйстэрак. Арляны Сен.
БЛЯКАТАЦЬ незак. Заікацца. Ён яшчэ з дзяцінства пачаў блякатаць. Каўровая Дубр.
БЛЯМБАЧКА ж. Зноска ў кніжцы. Ягор доўга шукаў блямбачку ў кніжцы. Жаўніна Уш.
БЛЯСНІЦА гл. БЛІСКАЎКА
БЛЯШКА ж. Бляха (руск. противень). Пастаў бляшку ў газ. Вярхоўе Беш. Параўн. братван.
БОБЧЫК гл. БАБАВЕННЕ
БОГ м. Абраз, ікона. Там мае багі стаяць. Плісы Беш. У кожнай хаце Богу адводзіцца пачэснае месца, у красным куце. Міёры.
80 👁