БАЗЫЛЬ м. Вялікі кавалак сала. Нарезала базылёй і хочіць, каб іх хто-небудзь еў. Зубава Арш.
БАЗЫРАВАЦЬ незак. Гаманіць, размаўляць. "А дзе маці?" – "Яна базыруе з цёткай". Булахі Глыб.
БАЙБАС, БАЙБІС м., груб. Байбус; высакаросла дарослы чалавек, які паводзіць сябе не па гадах па-дзіцячы. Такі байбас, а з рабятамі гуляіць. Сасноўцы Шарк. Такі байбіс, а нідзе не працуе. Мікалаёва Міёр.
БАЙДАН м. Поле. Выйшлі з лесу – перад намі раскінуўся байдан. Віркі Чаш.
БАЙДЭРКА ж. Вядро, пасудзіна, у якой трымаюць ваду ў хаце. Дачушка, прынясі вады з байдэркі. Чаўнышкі Беш. Параўн. бадзёжка, бодня і бадня ў 2 знач., бадзяга ў 2 знач., балёйка, будан.
БАЙНЯ, памянш.-ласк. БАІНЬКА ж. Лазня. Баінька стаяла ля рэчкі. Ніўнікі Міёр. Байню трэба выцепліць. Паліцы, Рубеж Беш. У суботу байню будзем тапіць і пойдзім мыцца. Ахрэмаўцы, Дрысвяты, Рубеж, Укля, Брасл. Тады занеслі мяне ў байню і палажылі. Азёркі, Двухполле Гар. Ужо байня цепліцца. Абруб Глыб. Цераз суботу байню топім, вады ўсім хватаіць. Аўсянка Міёр. Ці будзем у суботу байню цепліць? Камянполле, Новы Пагост, Чапукі Міёр. Трэба байню пераімшыць, каб зімой халодная не была. Дрыгучы Міёр. Байню, можа, у панядзелак выцеплім. Буцавічы Паст. Заўтра субота, нада байню цепліць. Турлы Паст. Дзед пайшоў у лес за венікамі ў байню. Забор'е Рас. Калі байню тапіць будзем? Кугоні Уш. За самай рэчкай у нас байня. Лонск, Шыцці Шарк. Нада сянні байню пазней вытапіць, а то работы многа. Зямцы Шум.
БАЙРАК м. Роў, які зарос лесам. Ну і места тут у вас: не зямля, а байрак нейкі, адны яміны ды лес. Слабодка Гар.
БАЙРАК м. Будынак для сушкі снапоў. Згарэў наш байрак, так хоць бы сена сушылі. Баева Дубр.
БАЙРАН м. Беспарадак. Ай, дзяўчаты, не заходзьце ў хату, там такі байран. Езярышча Гар. Параўн. бірубальнік, бязладвішча.
БАКАВІЦА ж. Бакавіна; бакавая частка свіной тушы. Лічыцца, што бакавіца – самая смачная частка тушы. Лётцы Віц.
БАКАЦІНА ж. Бок. Бакаціна баліць ужо каторы дзень. Камайск Докш.
БАКЛАЖКА, БАКЛЯЖКА, БАКЛАШКА, БУКЛАГА ж. Біклага; бачурка, маленькая бочка. Набяры вады ў баклажку, толькі ўперад памый, а то яна з малаком была. Багушэўск Сен.
80 👁