АПЛЮШКА ж., іран. Аплявуха. Ад мужыка нізашто заработала аплюшку. Замошша Брасл.
АПЛЯТАНІК м. Аплеценая лазой бутля. У аплятаніках гарэлку дзяржалі, а можна і алей. Астроўшчына Пол.
АПОЙСАВАЦЬ незак. Абіваць больш буйнае зерне з коласа. Апойсавалі зярно ў асноўным жанкі. Сарочына Уш.
АПОКА аг. Гультай(ка). Твой хлопец гэткі бальшы, але ж апока. Баршчоўка Віц., Альшанка, Чарэя Чаш.
АПОКУШЫ мн. Ападкі, плады, што апалі з дрэва ад ветру, непагоды. У садзе апокушаў поўна. Капланы Сен. Параўн. апад, ападкі, ападнікі, ападышы.
АПОЛЕЦ м. Вялікі кавалак свінога сала, які атрымліваецца пры разбіранні тушы. Аполец нада сыну кінуць. Прыйдзіць жа скора, дык возьміць свежага. Новы Пагост Міёр.
АПОЛКІ мн. Апалушкі, начоўкі для зернеачысткі ў хатніх умовах. Вазьму аполкі і пайду дзе ветрык, прапалаю проса. Грыцы Глыб., Нямойта Сен.
АПОЛКІ мн. Абрэзкі, кароткія дошчачкі, якія застаюцца пры будаўніцтве чаго-небудзь. Сабяры аполкі ў кучу. Канашы Гар.
АПОНА ж. Велакамера. Ровар доўга на сонцы стаяў, апона й лопнула. Лучайка, Сасноўка Глыб. У тваім ровары трэба мяняць апону. Латышы Глыб., Казяны Брасл., Грэцкія Міёр.
АПОСЛЕ, АПОСЛЯ прысл. Пасля. Апосле ўсё зраблю, паляжу троху. Задуброўе Віц. Выкапаю бульбу, апосле паеду да сына. Моханава, Сар'я В.-Дзв. Апосля хлопцы прыйшлі ў клуб. Новая Яблынька Тал.
АПОЎЗЛІК м. 1. Немаўля. Што ты хочыш, ён жа йшчэ апоўзлік, ні ходзіць. Езярышча, Марозава Гар. 2. перан. Чалавек невысокага росту. Звязалася яна з такім апоўзлікам – як дзіця. Замачак Чаш. 3. перан. Худы, нездаровы, змарнелы чалавек. Ізноў гэты апоўзлік прыцягнуўся – худы, бледны, страшна глянуць. Іванск, Тараскі Чаш.
АПОЎЗЛЫ прым. Нікчэмны. Такі ж ужо ён апоўзлы чалавек, п'е з дня ў дзень. Стралкі В.-Дзв.
АПОЎНАЧ прысл. Апоўначы. Апоўнач дзіка, страшна выхадзіць на вуліцу. Слабодка Брасл.
АПРАГАЦЦА незак. Вылежвацца без працы. Усю зіму апрагаецца на печы, нічога не робіць, палец аб палец ні ўдарыць. Палата, Пусташы, Труды Пол.
АПРАМЕЦЦЮ, АПРОМЕЦЦЮ прысл. Стрымгалоў. Апрамеццю ляцела паўз могілкі, спужалась вельмі. Бялькоўшчына В.-Дзв. Бяжыць апромеццю, пад ногі ні глядзіць. Ветрына, Пусташы Пол.
95 👁