АЗЕРАВІНА ж. Рачная затока. Во як азеравіна разлілася. Высачаны Лёзн. Па азеравіне плаваюць качкі. Ветрына Пол.
АЗЕРАЎКА ж. Нізкае забалочанае месца. Учора ездзіў касіць, а там каля азераўкі грыбоў цьма. Верацёнкі Рас.
АЗЁРКА н. Азярцо, невялікае возера. Канава зарасла, то ў азёрку й рыбы ні стала. Мілашова Міёр.
АЗУЦЦА зак. Абуцца. Ты яшчэ не азуўся, а пара ісці. Булахі Глыб.
АЗЯРО н. Возера. У нас есць азяро святое ў лесі. Бычыха Гар. Прыізжай, унучка, да міне на лета, пайдзём на азяро. Дубровы В.-Дзв. Задуха такая, усе каровы ў азярэ стаяць. Мурагі Рас. Баня каля азяра стаіць у нас. Кудзіны, Двухполле, Езярышча, Лялеўшчына, Марчанкі, Мяжа, Радчонкі, Цешалава Гар., Астроўна Беш., Грыцы Глыб., Бірулі Докш., Высачаны Лёзн., Арлея Пол., Дворышча, Краснаполле Рас., Іванск Чаш., Слабада Шум.
АЗЯЦЬ зак. Узяць. Во насмеццілі дык насмеццілі, азяць тока мятлу і па руках надаваць. Папшычы Глыб. Як азяў аборыну, як перацяў цераз лоб. Юнькі Паст. Тады азялі лесу, хату стаўлялі. Сценка Докш., Замхава, Мосар, Празарокі, Прошкава Глыб.
АКАЖАНЕЛЫ дзеепрым. Ачарсцвелы, бяздушны. Ад цяжкой работы ён акажанелы стаў. Новыя Валосавічы Леп.
АКАЛЕТЫ дзеепрым. Акалелы, здохлы. У вялікі голад елі акалетых коней. Шалыгі Віц.
АКАЛІЦЦА зак., безас. Падсохнуць, падшэрхнуць. Пад вечар троху акалілась пад нагамі. Празарокі Глыб. Параўн. абчарсцвець.
АКАЛОТАК м. Акалот, жытнія снапы пасля ручнога абмалоту. Складзі акалотак, каб дошч не памачыў. Кульгаі Глыб.
АКАПАЦЬ зак. Абкапаць, запляміць. Во я няўклюжая, акапала юбку, шчас свежую адзену. Ясавічы Глыб.
АКАПВАЦЬ, АКОПВАЦЬ незак., с.-г. Акучваць. Не пайду сягоння акапваць бульбу. Балаі Міёр. Ужо пара акопваць бульбу, і дожджык якраз прайшоў. Празарокі Глыб. Параўн. асыпаць.
АКАРУЧЫЦЦА зак., груб. Памерці. Будзіш столькі піць – акаручышся, як гадзіна. Губіца Шум.
АКЕЛЬНІЦА, АКЕНЧЫНА ж. Аканіца. Акельніцы ў яе доме закрыты. Рамні Гар. Бабуля акельніцы ніколі не закрывае. Загарадна Лёзн. Гнілая акенчына, рассыплецца яшчэ. Азёркі Гар.
АКЛАД м., адз. Акружэнне высачанага звера. Аклад робяць ахотнікі. Стасева Лёзн.
АКЛАДНЫ гл. АБКЛАДНЫ
92 👁