Старонка 38
◀ / 305 ▶
АДПРАВІНЫ, АДПРАЎКІ толькі мн. Праводзіны ў армію. Сын зімой у войска пойдзіць. Трэба да адправін рамонт у хаці зрабіць. Дварэц, Іванск Чаш. Заўтра да племяша на адпраўкі пойдзім. Іванск Чаш. Учора ў суседскага мальца былі адпраўкі. Чэрцы Леп. АДПУСКАЦЬ незак. Дазваляць пакарыстацца чым-н. Дык дзеўка й адпускала хату на вечарыну. Галбея Паст. АДПУШЧАЦЬ незак. Адпускаць, дараваць грахі. Чалавеку ў злосці грахі ў цэркві ні адпушчаюць. Селішча Уш. АДПЫХАЦЬ зак. Знізіцца (пра тэмпературу цела). Жар адпыхае -- і так лёгка становіцца. Галбея Паст. АДПЯСОЧЫЦЬ зак. Насварыцца на каго-небудзь, прабраць словамі, вылаяць. Адпясочыў яго як нада. Хайсы Віц. АДРАБІЦЬ зак. Зняць чары, вярнуць у ранейшы стан. Святая вада яму адробіць. Зубава Арш. АДРАБЛЯЦЬ незак. Знімаць чары, вяртаць у ранейшы стан. У нас жыла бабуля, яна ўмела адрабляць, як хто карову зачаруе. Прошкава Глыб. АДРАЗАНІКІ, АДРЭЗКІ гл. АБРАЗАНІКІ АДСАТАНІЦЦА зак., экспр. Адчапіцца, перастаць назаляць каму-н. Адсатанíся ты ад мяне, жыцця няма праз цябе. Турлы Паст. АДСЁДА, АДСЁДАВА, АДСЁЛЬ, АДСЁЛЯ, АДСЮДАВА, АДСЮЛЕКА, АДСЮЛЬКА прысл. Адсюль. Жылі мы 20 кіламетраў адсёда. Узмёны Міёр. Многія адсёда паехалі ў горад. Задзежжа В.-Дзв. І як яна адсёда ўехала. Тутака і вада, і дарога, і саседзі. Барсукі, Крывасельцы В.-Дзв. Ідзі адсёдава. Грынеўшчына Докш. Адсёдава я нізашто не выйду. Залессе Шум. Ідзі адсёль, каб я цябе не бачыла. Іванск Чаш. Адсёль блізка сяло. Матырына Леп. Адсёля да азяра рукой падаць. Варапаева Паст. Адсюдава ручаёк цячэ, у лесе хаваецца. Петрашы Тал. Перастаў ты цяпкі адсюлека у другое места. Дзёрнавічы В.-Дзв. Адсюлька пайду на хверму. Мікалаёва Міёр., Мацюкова Глыб., Белая Ліпа, Нярэйша Сен., Гута Паст. АДСЁЧ зак. Адсекчы, ссекчы. Трэба было б адсёч тыя кусты пад вокнамі. Швэплі Докш. АДСТОІЦЬ зак. 1. Адстаяць, прастаяць нейкі час. Не магу доўга адстоіць у цэркві. Узмёны Міёр. 2. Адпрацаваць. Я на заводзе дзесяць год адстоіла. Іванск Чаш. ◊ Адстоіць у піле -- адпрацаваць на распілоўцы дроў. Касіла, жала, кароў даіла і ў піле адстоіла. Іванск Чаш. АДСТРАПАЛІЦЬ зак. Расказаць хутка, без замінкі. Ну і адстрапаліў, хоць у кніжку запісывай. Новыя Валосавічы Леп.
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
91 👁
◀ / 305 ▶