пабегла. Ветахмо Докш. Як сабяромся мы з кумой, дык ніяк нагаварыцца ня можам – мы ж у маладосці куліжанкамі былі. Більдзюгі Шарк.
КУЛІНКІ толькі мн., бат. Парэчкі. Прыдзі да мяне, кулінак дам на варэнне. Замачак Чаш.
КУЛІСКА ж. Участак поля квадратнай формы. Куліскі былі хлебам засаджаны. Рубеж Беш.
КУЛОГАЦЦА, КУЛОЗГАЦЦА незак., экспр. Плёскацца, плюхацца ў вадзе ці гразі. Не надаела табе ў халадзёнкі кулогацца? Дзёрнавічы В.-Дзв. Досыць кулозгацца, вылазьце, а то пасінелі. Бортнікі Глыб.
КУЛУМЕС гл. КАЛУМЕС
КУЛУНДЗЮК гл. КІНДЗЮК
КУЛЬБА ж. Гурба, сумёт. Этай зімой усюды кульбы снегу ляжаць, куды ні глянь. Мілашы Брасл.
КУЛЬЦЯПКА ж. Кукса, астатак пакалечанай ці ампутаванай рукі або нагі. У дзеда ад рукі асталася адна кульцяпка. Сокарава Беш. Параўн. кульша ў 2 знач.
КУЛЬША ж. 1. Сцягно. Кульша баліць. Хайсы Віц. 2. Кукса, астатак пакалечанай ці ампутаванай рукі або нагі. Замест другой нагі ў яго кукса. Казловічы Гар. Параўн. кульцяпка.
КУЛЯГАВАЦЦА незак. Сябраваць. Яны яшчэ са школы кулягаваліся. Буцавічы Паст.
КУЛЯШЫЦЦА незак. Рабіцца вадкім. Гразь пад нагамі куляшыцца. Выхадцы Лёзн.
КУМЕЛЛЮ прысл. Хутка, імкліва, мігам. Ня ўспелі паставіць лесніцу, як ён кумеллю зляцеў з сена. Губіца Шум. Параўн. кулем.
КУМЕШКАЦЦА незак., экспр. Марудзіць. Чаго ты там кумешкаешся дагэтуль? Пачаевічы Чаш. Параўн. коўзацца.
КУМЛАТЫ прым. Кудлаты, патлаты. І чаго ён кумлаты, як чорт, ходзіць. Будзішча Арш.
КУМОЎСКІ прым. Кумаўскі, заснаваны на кумаўстве, сяброўскіх адносінах. Кумоўскі долг мне да іх з'ездзіць на свадзьбу. Івесь Глыб.
КУМУШКА ж. Алкагольны напой, брага, пітво дамашняга вырабу з хмелем і цукрам. Развёў кумушку: бульбу ж скора капаць. Дамашы Брасл. Я была кумушку рашчыніўшы, а мужык залез і спіў верх. Вот я ругалася! Кубелеўшчына Шарк.
КУНДА ж. Кампанія, вузкае кола сяброў, аднадумцаў. Сын мой машыну купіў, дык цяпер з гэтай кундай усё прападае дзень і ноч у гаражы. Мельніца Шарк. Параўн. кагал у 1 знач., кодла.
78 👁