КРАПЁЖ м. Капеж, ніжні край страхі, даху, які выдаецца над сцяной. Вядро пад крапёж пастаў: заўтра дождж будзе. Прыпернае Глыб.
КРАПІВА, КРАПІВІЦА ж. Крапіва. Няма ўжо дзе і крапівы атарваць парасёнку: зводзіцца і гэта пустазелле. Мікіціха Шум. Каля плота крапіву нада абкасіць. Дзёрнавічы В.-Дзв. Крапівіцай усё каля хаты пазарасло. Мікіціха Шум.
КРАПІЎНІК, часцей КРАПІЎНІКІ мн., заал. Кураняты, выседжаныя ў траве. Сядуха мая крапіўнікаў павыводзіла. Косарава Глыб. Прывяла курка крапіўнікаў пяць. Сахнавічы Глыб. Крапіўнікі мае зусім яшчэ слабенькія. Манякова Міёр. Сем крапіўнікаў сёння курыца прывяла. Пашкі Шарк.
КРАПІЎНІЦА ж., заал. Курыца, якая сама села на яйкі. Учора крапіўніца мне курак прывяла. Бабічы Глыб. Помню, летась у маей саседкі былі аж тры крапіўніцы, ні знала, куды ціплят дзіваць. Більдзюгі Шарк.
КРАПЯЛЮТКІ прым. Невялікі, малога росту. Сынок у яе быў крапялюткі. Пурышкі Гар. Параўн. кажанаты, карузлы, кілаваты, кілаты ў 1 знач., курдаты.
КРАСАВЕЦ м., бат. Падасінавік. Красаўцы пад асінай глядзі. Шарагі Міёр. Параўн. краснагаловік, красначык, краснюк, красняк, красяк.
КРАСАДНЯ, КРУСОДНЯ, КРЫСАДНЯ ж. Курасадня, седала. На красадню куры пасля абеду ўжэ пасядуць. Езярышча Гар. На красадні куры ўвесь дзень праседзелі. Смародзіна Лёзн. Можа, паможаш загнаць курэй на красадню? Сураўні Шум. Паглядзі, ці ўсе куры на крусодні. Алексінічы Сен. Пятух мой першым на крысадні ўсядзіцца, а тады ўжэ курак завець. Камары Віц. Параўн. карусонне, крусонне, крысонне, куросанне, курсонне, курусоннік, катуха, крашэсць, крашэсь, курашэсце, курашэсць, курчанка.
КРАСАЎКА ж., заал. Чырванапёрка, прэснаводная рыба сямейства карпавых. Красаўку перад дажджом добра лавіць. Леснікі Глыб. На Машчонскім возеры красаўку мне не даводзілася спаймаць. Белая Ліпа Сен. Вясной кожны дзень па вядру красавак лавіў. Ваўчо Уш. Красаўка перад дожджам добра бярэцца. Вішанькі Чаш. Параўн. краснакрылка, краснюха.
КРАСЁННАЕ н., у знач. наз. Тканіна, сатканая на кроснах. У гэтай скрыні ў мяне красённае ляжыць, яшчэ ад мамы асталося. Запруддзе Глыб.
КРАСІВЕЦЬ незак. Прыгажэць. Ты ўсё красівееш і красівееш дзень ата дня. Выхадцы Лёзн.
87 👁