Макаравічы Докш. Ускінь коц на плечы і сядзі грэйся. Аўсянка Міёр. Прыкрыйся вазьмі коцам. Савуткі Шарк.
КОЦАЦЬ незак. Камячыць, ціскаць. Як былі малыя, любілі коцаць малых шчанят, а мама лаілася на нас. Таўкіні Шарк. Параўн. клычыць у 2 знач.
КОШАЛЬ, КОШАР гл. КАШАЛА
КРАВАЎКА ж., кулін. Крывяная каўбаса. Заўтра будзем рабіць краваўку. Свіла Глыб. Параўн. крупаўка.
КРАВАЎНІК, КРОЎНІК м., бат. Крываўнік, шматгадовая травяністая расліна. Індзюкоў кормяць краваўнікам у нас, сабіраюць і даюць ім з кіслым малаком – растуць добра тады. Азярцы Глыб. Сёлета кроўнік як ніколі разросся. Малыя Пышнагоры Леп. Глянь, ужо кроўнік з'явіўся. Латышы Глыб.
КРАЕМ, КРАЙНА, КРАЙНЕ прысл. Абавязкова. Мне краем трэба ў бальніцу. Бачэйкава Беш. Крайна нада бульбу капаць, пакуль ні пагніла ўся. Малькава Лёзн. А табе гэта нада было крайне дзелаць. Дзёрнавічы В.-Дзв. Параўн. концам, конча.
КРАЛІ толькі мн. Каралі. Здзень кралі: у гарод ідзеш, а ні танцы. Канашы, Ноўка Гар. Я ўсё жыццё працавала, кралі не было калі надзяваць. Шацяні Сен.
КРАЛІХА, КРАЛІЦА, КРАЛЬЧЫХА ж. Самка труса. Сёлета краліха чатырох кролічкаў нам прывяла. Муляры Паст. Краліца акацілася. Панізоўе Арш. Прыходжу ў сарай, а мая кральчыха елі жывая ляжыць. Новая Зара Чаш.
КРАЛЬЧО н. Трусяня. Кральчо забілася пад даску. Новая Яблынька Тал.
КРАЛЬЧЫХА гл. КРАЛІХА
КРАМШЧЫК м. Прадавец. Дзед наш крамшчыкам пасля вайны ўстроіўся, талковы быў. Забалацце Арш.
КРАПАНІК м., кулін. Бульбяны піражок з начынкай. Заўтра хачу ў мястэчка з'ездзіць, дык жа ж крапанікаў трэба настроіць, каб быў гасцінец для ўнучка майго. Запруддзе Глыб.
КРАПАЦЦА незак. 1. Блытацца, бязладна пераплятацца. Ніткі добрыя, не крапаюцца. Сарочына Уш. 2. Блытацца, пераходзіць з месца на месца, чапляцца за што-н. Малы толькі пад нагамі і крапаецца. Вярхоўе Беш.
КРАПАЦЬ, КРІПАЦЬ незак. Начыняць, фаршыраваць. Днём мяса рэзалі, вечарам кілбасы крапаць будзім. Дзёрнавічы В.-Дзв. Учора калбасы крапалі. Дзёрнавічы В.-Дзв. Кілбасы абязацельна крапаць будзем. Іванькі Міёр. Булкі грыбамі крапалі. Кошчава Беш. Кілбасы ўвесь вечар кріпалі. Вярэчча Гар.
КРАПАЦЬ незак. Вязаць, плесці кручком, пруткамі. Сядзіш ціханька, не чуваць. Думаю: што робіш? Аказываецца, нешта крапаеш. Дзёрнавічы В.-Дзв. Параўн. калупаць, калыпаць.
88 👁