КОБАЦЦА незак., экспр. Корпацца, марудна рабіць што-н. Ну, будзе табе ўжэ кобацца, людзі ўсе на полі ўжэ. Камень Леп. Параўн. калупацца, калыпацца, кешкацца, кныпціцца.
КОБЛІК м., заал. Пячкур, невялікая рачная рыба сямейства карпавых. Коблік у светлых месцах вадзіцца любіць. Заборцы Докш.
КОВАРАТ м. Вароты, брама. Прайшоў праз коварат і стаў на двары. Кашчына Чаш.
КОДЛА ж. Кампанія, група знаёмых ці блізкіх людзей. Усёй кодлай у хату завалілі, ногі нават не абмёўшы. Нямойта Сен. Наканец-та ўся кодла сабралася. Мельніца Шарк. Параўн. кагал у 1 знач., кунда. // Дрэнная кампанія. Гэта не дзеці, а нейкая кодла бандзіцкая. Бігосава В.-Дзв. Сын яе з гэтай кодлай звязаўся. Іванск Чаш.
КОДЛА ж. Бочка, драўляная пасудзіна для засолкі гародніны. Гуркоў шмат, прійдзецца ў кодле ставіць. Кузняцова Віц. Параўн. кадуба.
КОЗА гл. КАЗА
КОЗАН гл. КАЗАН
КОЙ-НІЯК прысл. Як-небудзь. Кой-ніяк справіліся з етай кабылай. Доўжа Віц.
КОЛЕНЦЫ гл. КАЛЕННЕ
КОЛІКАМ прысл. Нерухома, застаючыся на адным месцы, не падымаючыся. Як прыехаў, так і ляжыць колікам, ні за што не бярэцца. Смаляны Арш.
КОЛКА ж. Колікі, рэзкі востры боль. Колка ў бакі стала калоць – во што значыць старасць. Мікалаёва Міёр.
КОЛЬКА займ. Колькі. Колька разоў пытаць будзеш? Смалоўка Сен.
КОЛЬЧЫКІ мн. Завушніцы. У горад ездзілі з мамай, купілі кольчыкі залатыя. Свірдуны Паст.
КОМЖАЧКА ж. Верхняе адзенне для хлопчыкаў у час богаслужэння у касцёле. Пекна было на хлопчыкаў глядзець, апранутых у белыя комжачкі. Папшычы Глыб.
КОМШЫЦЬ незак. Есці (многа, прагна). Хваціць табе ўжэ комшыць, уставай ды пашлі. Хайсы Віц.
КОМЫ гл. КАМЯК
КОНВА ж. Бітон. Пасля дажджу вады поўная конва. Івесь Глыб. Параўн. кана, канка, канна ў 1 знач.
КОНІК м. Козлы, падстаўка для пілавання дроў у выглядзе бруса на чатырох ножках, збітых крыж-накрыж. Конік новы буду дзелаць, а то дровы папіліць нільзя. Мікалаева Шум. Параўн. казёл, казлы, казлюкі.
76 👁