Старонка 231
◀ / 305 ▶
КАЛТУН гл. КАЛДУН КАЛТУШКА ж. 1. Таўкач. Калтушкай бульбу натаўку, і ядзім тады. Ахрэмаўцы Брасл. 2. Тоўчаная бульба са смажаным салам. На вячэру будзем есці калтушку. Янкавічы Рас. КАЛТЫГА аг., асудж. Неахайны, неакуратны чалавек. Ну ты, малая, калтыга! Хоць бы стол за сабой выцерла. Папкі Міёр. КАЛУБЕЛЬ ж. Калыска, люлька. Дзіця плачыць у калубелі, дужа громка плачыць. Кветча Леп. Яшчэ ў школе вучыцца, а ужо калубель з дзіцём. Сар'я В.-Дзв. Параўн. качэля. КАЛУБЫШКА ж., кулін. Страва, прыгатаваная з тоўчанай бульбы і грыбоў. Увосень самая яда – калубышка: усё сваё – і з гарода, і з лесу. Якубова Рас. КАЛУМЕС, КУЛАМЕС, КУЛУМЕС м. Вэрхал, беспарадак. Развіла калумес у хаці. Ноўка Гар. Нейкі куламес творыцца. Канева Сен. У іе на дворе ні разу парадку ні было, кулумес усігда. Канашы Гар. КАЛУПАЦЦА, КАЛЫПАЦЦА незак., экспр. Корпацца, марудна рабіць што-н. Калупаюся нешта ўвесь дзень, што здзелала? Ноўка Гар. Хваціць калыпацца ужо, пайшлі. Асвея В.-Дзв. Параўн. кешкацца, кныпціцца, кобацца. КАЛУПАЦЬ, КАЛЫПАЦЬ незак., перан. Вязаць, плесці кручком, пруткамі. Усю восень калупала – во й кофтачка нічога палучылася. Канашы Гар. Сяду каля акна ды буду наскі калыпаць патроху. Залучча Гар. Параўн. крапаць. КАЛЫМАГА ж., перан., іран. Стары аўтамабіль. Стаіць ягоная калымага ля двару, нікуды ён ні ездзіць. Сокарава Беш. КАЛЫПАЦЦА гл. КАЛУПАЦЦА КАЛЫПАЦЬ гл. КАЛУПАЦЬ КАЛЫСКА ж. Арэлі. Глядзі, не стукні малога, як будзеце катацца на той калысцы. Рускі Шум. КАЛЫХУЛІЦЦА незак. Кіпець, клекатаць ад пары. Хутка бульба зварыцца – ужо калыхуліцца. Бірулі Докш. Ці калыхуліцца там вада? Вераб'і Пол. КАЛЬ м., бат. Куст. Два калі парэчак, што пад акном, абабрала. Беразіно Докш. КАЛЬВІН м. Злодзей, хуліган. Закрывай дзверы, не дай бог якей кальвін зайдзіць. Смалоўка Гар. КАЛЭШНЯ ж. Дрывотня, хлеў або павець для дроў. Схадзі ў калэшню ды смалякоў пару прынясі. Замхава Глыб. КАЛЮН м., заал. Рыба ёрш. Мальцы маі адных калюноў учора з рыбалкі пріняслі. Жыгалава Віц. КАЛЮЧКА ж., заал. Рыба колюшка. Калючак касцістых налавіў. Шэпелева Глыб.
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
92 👁
◀ / 305 ▶