Старонка 224
◀ / 305 ▶
Кадрэль усе ўмелі танцаваць. Машчоны Сен. Цяпер танцы абыякія, а раней кадрэля была. Дабея Шум. КАДУБА ж. Кадаўб, бочка, выдзеўбаная з суцэльнага кавалка дрэва. Была і ў нас кадуба, а цяпер яе на дровы пусцілі. Ракаў Засценак Сен. Параўн. кодла. КАДУШКА ж., перан., абразл. Тоўстая, непаваротлівая дзяўчына ці жанчына. Ого, якую кадушку сабе ў жонкі ўзяў! Міхалінава Лёзн. КАЕТ м. Сшытак. Дай мне свой кает, пагляжу, што вы там пішаце ў школе. Шэпелева Глыб. Як у магазін пойдзеш, малому не забудзь каетаў купіць. Суша Леп. КАЖАН, КАЖАНЁНАК м., перан. 1. Дзіця. Суседаў кажан зноў у мой гарод лазіў. Колпіна Сен. Ён яшчэ кажан. Мікалаева Шум. // Малога росту, бруднае, запэцканае дзіця. Учора твой кажанёнак ля нас там бегаў, саўсім ты за ім глідзець пірістала. Вярэчча Гар. 2. зневаж. Фізічна слабы, малога росту чалавек. Кажану этаму з людзьмі работаць нільзя – такій ён злый. Іскра В.-Дзв. Не мужчына, а кажан нейкій. Казловічы Гар. Параўн. карак, куцік. КАЖАНАТЫ прым. Хілы, маларослы, фізічна слабы. Ейный маліц сёліта школу ўжэ кончыў, а такей кажанаты, каб ты відзела. Казловічы Гар. Параўн. карузлы, кілаваты, кілаты ў 1 знач., курдаты, куртаты ў 1 знач., крапялюткі. КАЖАНЁНАК гл. КАЖАН КАЖАРА ж. Кажух. Патрымай маю кажару, пайду барыню аджару. Коравічы Чаш. КАЖДНЫ, КАЖДЫ, КАЖНЫ, КАЖЫНЫ 1. займ. Кожны, усякі. Зімой кажны дзень печ тапіць нада. Казловічы Гар. Кажыны дзень адно і тое. Ясева Міёр. 2. у знач. наз. Кожны, усякі чалавек. Каждны сам за сябе. Варапаева Паст. У дзярэўні яе кажды знаіць. Папшычы Міёр. Кажны ніхай што хочыць, то й робіць. Баршчоўка Віц. Кажны зрабіў бы так, як і ты. Нямойта Сен. КАЖЫСЯ пабочн. сл. Здаецца. Ну, кажыся, усё зрабіла, як ты казаў. Свяча Беш. КАЗА, КОЗА ж. 1. Сажань, прылада для абмервання зямельных участкаў. Брыгадзір увесь дзень сёння ў нас тут з козой хадзіў. Баравікі Сен. І як тая коза магла зламацца?! Багушэўск Сен. Параўн. кавяла, ківала. 2. Рагаціна, палка з развілінай. Вазьмі казу і знімі боты са сцяны. Узмёны Міёр. 3. Каліва цыбулі. Вырвала адну казу з градкі, дык маленькая цыбулька яшчэ. Шылкі Сен. Параўн. казеліца. КАЗА ж. Сетка для лоўлі рыбы. Возьмем казу ды на возера вечарком. Баяры Чаш.
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
85 👁
◀ / 305 ▶