ІМГА, ІМЖАКА, ІМЖАЧКА, ІМЖЫЧКА, ІМЖЭНЬ ж., толькі адз. Імгла, імжа. Не люблю восень, імга дзень у дзень. Каб жа дождж, а то халодная імга. Задоры Леп. Так надаела ета імжака, усё сыпець і сыпець. Града Сен. Увесь дзень імжачка. Ульянавічы Сен. Даждзя німа, тока імжычка нейкая. Гарбацэвічы Арш. Такая імжэнь на вуліцы, уся куртка мокрая. Кузняцова Віц., Плісы Беш., Вялікая Альшанка Чаш.
ІМГНІЦА ж. Знічка, падаючая зорка. Глядзі на імгніцу і загадывай жаланне. Сяргеева Рас. К восені імгніц шмат на небе. Янкавічы Рас.
ІМЕННЕ, ІМЕНЕ н. 1. Імя. Абы-якое іменне малой далі. Камаі Паст. Як тваё імене. Свірлелі Паст., Бычыншчына Міёр. 2. Назва. Ні знаю, як іменне акованай лапаты. Магуны Паст.
ІМЕННЕ н. Маёнтак. Во тут у нас было панскае іменне. Іванск Чаш.
ІМЖАКА, ІМЖАЧКА, ІМЖЫЧКА, ІМЖЭНЬ гл. ІМГА
ІМКАНУЦЬ зак., экспр. 1. Знікнуць; непрыкметна ці хутка пакінуць якое-н. месца. Быў у двары, а тады імкануў некуды. Зарачыцак Докш. Куды ён імкануў ужо? Канашы Гар. 2. Знікнуць; згубіцца, падзецца невядома куды. Малаток з-пад рук імкануў кудысь. Рудня Гар. 3. Узяць чужое, прысвоіць. Сядзела, сядзела і імканула маю спадніцу. Мікалаёва Міёр.
ІМКІ прым. Востры. Нож натачыў, добры, імкі стаў. Пашкі Шарк. Серп імкі, глядзі не парэж рукі. Кураполле Паст.
ІМПАД м. Пах, дух. Нейкі нядобры імпад ад печы ідзець. Трыгубцы Віц.
ІМСЦІЦЬ незак. Помсціць. Ён мне так імсціў, што за другога пайшла. Куціна Шум.
ІМШАЛ м., рэліг. Зборнік каталіцкіх малітваў. У кожнага ксяндза ёсць свой імшал. Чарневічы Глыб.
ІМШАРНІК м. Імшара; мохавае балота. У нас у лясу ёсць вялікі імшарнік. Замачак Чаш.
ІНАЧ прысл. Інакш. Інач сказаць нельга. Обаль Шум.
ІНАЧЫ, ІНЕЙШЫ займ. Іншы. Абыкнавенныя нажы, как шчас, іначых ні было. Бігосава В.-Дзв. Інейшы хлопец хоць ба глянуў, а еты як ішоў, так і пашоў. Зялёнка Пол.
ІНДЗЮЧКА, ІНДУШКА ж. Індычка. Індзючка так важна ходзіць, хоць ты карону ёй надзявай. Слабада Міёр. Паглядзі, ці мае індушкі ў двары. Лялеўшчына Гар., Сарочына Уш.
ІНДЫЧЫЦЦА незак., перан. Насуплівацца, хмурыцца. Ну чаго ўжо дуешся, чаго індычышся? Новы Двор В.-Дзв.
ІНСПЕКТЫ мн. Парнікі. Хто гаворыць парнікі, а хто інспекты. Памідоры ў інспектах содзім, перцы. Андронавічы Віц.
83 👁