ІЗБУША ж. Хата. Гэтая ізбуша ўнучкіна, а мая за канаўкай. Іванск Чаш.
ІЗВЕСЬ ж. Вестка. Добрая ізвесь чалавека ўсягда радуе. Пагост Арш.
ІЗВЁСТКА, ІЗВІСЬ ж., толькі адз. Вапна. Развіла ізвёстку, печку нада падмазаць. Казімірова Пол. Ізвісь рукі раз'ідаіць, луччы глінай бяліць. Слабада Шум.
ІЗГАРОДА ж. Агароджа. Каровы ў гарод залезлі, ізгароду паламалі. Мурагі Рас. Зачапіўся штанінай за ізгароду. Лапяны Брасл. Трэба чыніць ізгароду, а то ліса паесць курачак. Ваяводкі Віц., Ніўнікі Міёр., Жарцы Пол., Гарбачэва, Забор'е Рас.
ІЗДУХІ мн. Уздыхавіны; месца на целе, дзе паўкружжам канчаюцца рэбры. У мяне так баляць іздухі, што эта такоя? Зубава Арш.
ІЗНОВА, ІЗНОЎКА прысл. Зноў. Ізнова нада будзіць ехаць да дохтара. Папшулі Міёр. Ізноўка трэба ісці ў поле. Балаі, Казлоўшчына Паст.
ІЗОБКА ж. Істопка; памяшканне для захоўвання агародніны і іншых прадуктаў. Бульбу пакуль сыплім у ізобку. Зачарэўе, Ніўнікі Міёр.
ІЗРУБ м. Зруб. Нада сначала ізруб зрубіць, а патом крышу дзелаць і палы сцяліць. Барсукі В-Дзв. Ён ізруб добры пад хлеў паставіў. Новыя Валосавічы Леп., Абухава, Бароўка, Цясты В.-Дзв.
ІЗРЭБ'Е н., толькі адз. Зрэб'е; палатно са зрэбных нітак. Ізрэб'е ў нас рэдка ткалі. Слабада Докш.
ІКА, ІКОТКА ж. Ікаўка. Іка саўсім замучыла. Войлавічы Шум. Паўдня ікотка мяне б'ець. Дабея Шум., Турчына Міёр., Дубраўкі Пол.
ІКРАНКА ж., заал. Самка рыбы ў перыяд нерасту. Пашлі на возера і столькі ікранак налавілі. Акунёва Міёр.
ІКСВА ж., толькі адз., бат. Асака. Балотная іксва надта ж острая. Порплішча Докш. Іксву каровам ні косім. Васілеўшчына, Кураполле Паст., Абруб Глыб.
ІЛАГА ж., зб., бат. Ельнік. Пойдзем у ілагу маслюкоў пашукаім. Лісуны Арш., Новы Двор В.-Дзв., Шасцярні Уш.
ІЛЛЕ н. Месца, дзе вадой намывае шмат ілу. Во цячэннем намыла ілле. Крывое Сяло Шум.
ІЛЛЯНІШЧА н. Ільнішча; поле, з якога сабралі лён. На іллянішча будзім ганяць кароў. Беразіно Докш.
ІМБАРЧЫК м. Кладоўка. У імбарчыку вазьмі халоднае малако. Ахрэмаўцы Брасл. Каўбасы я хуваю ў імбарчык. Цяцеркі Брасл.
81 👁