ЗАГРОШАК м. Катух, адсек для захавання гародніны. Дзед, бывала, насыпіць бульбы з загрошку, а падняць не можа. Ахрэмаўцы Брасл.
ЗАГРЭБЛЯ ж. Граблі. Загрэбля стаіць там жа за стогам. Чашнікі.
ЗАДАТЛІВЫ прым. Удалы. Купілі кабанінка, і задатлівы такі, жоркі, расце хутка. Труды Пол.
ЗАДЗЕЦЬ зак. Уцягнуць нітку ў іголку. Задзень нітку, я дрэнна бачу. Порплішча Докш.
◊ ЗАДНЯМУ ПАРАСЯЦІ ЦЫЦКА ПАД ХВАСТОМ экспрэс. Пра таго, хто спазняецца і каму нічога не дастаецца. Што зробіш, позна прыйшоў – задняму парасяці цыцка пад хвастом. Велеўшчына Леп.
ЗАДОБРЫЦЬ зак. Прыправіць. Суп нада задобрыць салам, смашней будзе. Выхадцы Лёзн. Параўн. заваложыць, засмачыць.
ЗАДРЫБЕЦЬ зак. Памерці. У гэтым годзе дванасце чалавек задрыбела ў нас, адзін за адным. Буцавічы Паст. Параўн. загавець.
ЗАДЫХ м., адз., мед. Астма. Я і задых магу вылечыць. Ноўка Віц.
ЗАЁРЗАНЫ дзеепрым. Паношаны, зношаны. Ой, ты ў такой заёрзанай кофце ходзіш. Станулі Глыб.
ЗАЖАРКА ж., кулін. Падсмажанае мяса або сала, якое дадаецца ў страву. А ўжо ж ёсць зажарка, скора есці будзем. Выхадцы Лёзн. Параўн. зашквара.
ЗАЖАТАК, ЗАЖНЯК, ЗАЖЫН, ЗАЖЫНАК м., абрад. Першы зжаты сноп. Зажатак – пачатак жніву. Пірагі Дубр. Зажатак давалі зжаць здаровай жанчыне – работніцы, каб у астальных не балелі рукі. Малькава Лёзн. Вялікая чэсць зрабіць зажняк. Храпакі Віц. Зажын ставяць каля абраза, каб ураджай добры быў. Павулле Уш. Як стаўлялі першы зажынак, так пачыналі піяць. Горкі Леп., Гразіна Арш., Гваздова, Надазер'е Глыб., Слабада Леп.
ЗАЖМЕНІЦЬ зак. Пашкодзіць, натрудзіць. Усе рукі зажменіла – у хаце не змагу нічога здзелаць. Ског Сен.
ЗАЖНЯК гл. ЗАЖАТАК
ЗАЖУЛІЦЬ зак. Прысвоіць нешта чужое. А сусед быў зажуліў маю касу. Германавічы Шарк.
ЗАЖЫВОЦЦЮ прысл. Пры жыцці. Зажывоццю хату трэба будаваць. Забор'е Глыб.
ЗАЖЫЛІСТЫ прым. Скупы. Мой першы мужык дужа ўжо зажылісты быў. Мікіціха Шум.
ЗАЖЫН, ЗАЖЫНАК гл. ЗАЖАТАК
81 👁