Старонка 164
◀ / 305 ▶
ГУБАШЛЁП м., зневаж. Пляткар; мужчына, які распускае плёткі. Рэдка такое бываіць, каб ня мужык, а губашлёп нейкі. Замошша Брасл. ГУБЕЛЬ, ГУБЗДЭР м., груб. Чалавек з вялікімі тоўстымі губамі. Які ты праціўны губель! Гарбацэвічы Арш. Ён такі губздэр! Круткі Паст. ГУБНУШКА ж. Памада. Ты ж унучка губнушкай накрась, ярчэй будзіць. Канашонкі Рас. ГУГЕЛЬ, ГУГАЛЬ м., кулін. 1. Бабка. Во, якраз і гугель гатовы, паісцё. Поціна В.-Дзв. Заўтра гугель будзем есць. Абухава В.-Дзв. Гугаль рабілі з вялікай картошкі. Макаранкі Лёзн. 2. Крэндзель. У магазін прывезлі такія смачныя гугелі. Замачак Чаш. ГУГЕЛЬ, ГІГЕЛЬ, ГІРГЕЛЬ м., бат. Хвошч палявы. Нашто ты нарваў столькі гугелю? Перавознікі Паст. Зараз пайду збіраць гугель. Лукомль Чаш. Ідзе гігель расцець, там зямля дрэнная, кіслая. Барсукі В.-Дзв. Парцізаны нават гігель елі, калі нічога не было. Непароты Шум., Каханавічы В.-Дзв., Азёркі Гар. // Верхавінка хвашчу. Гігялі ў вайну дажа елі. Заходы Гар. Наша бабуля летам збірала гігялі. Прудок Гар. Гіргялёў вясной поўна: стыяць-стыяць шышычкі. Манякова Міёр. ГУГОЛІЦЬ незак. Плакаць наўзрыд. У яе сына забілі, дык яна ўвесь год гуголіла. Празарокі Глыб. ГУДЗЕЦЬ незак. Выць. Калі ваўчыца гудзець – бяда будзець. Велеўшчына Леп. ГУДЗІЦЬ незак. Асуджаць, ганіць, абгаворваць. Не нам людзей гудзіць, хай іх сам Бог судзіць. Захарнічы Пол. ГУДЛІВЫ прым. Бурклівы, сварлівы. Такі гудлівы чалавек мой сусед. Іванаўка Гар. ГУДОК м., часцей ГУДКІ мн., кулін. Піражкі з варанай бульбы. Больш за ўсё люблю з бульбы гудкі робіць – так смачна. Каханавічы В.-Дзв. ГУЖАВАЦЬ незак. Круціцца, увівацца каля каго-н. Каля старэйшай сястры гужавалі жаніхі. Серкавіцы Тал. ГУЖАВАЦЬ незак. Раскідвацца грашамі. Напалучаюць гэтых марак, то тады пачынаюць гужаваць і налева, і направа. Клясціцы Рас. ГУЖЫШЧА н. Тоўстая вяроўка; вужышча. Наш дзед гужышчам на вазу сена прыціскаіць. Рашкаўка Докш. ГУЗ м. Гузік. Гуз вырваўся, трэба прышыць. Сахоненкі Шум. Параўн. гаплюк. ГУЗЕННЕ н., зб. Падвязкі на штанах. Гузенне балтаецца, штаны брудныя, рубаха навыварат – што за малец? Пішчалава Арш.
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
75 👁
◀ / 305 ▶