ГНІЛА ж. Гліна. Не люблю я пасуду з гнілы. Булахі Глыб. Адна гніла на агародзі, нічога не расцець. Язна Міёр.
ГНІЛУХА, ГНІЛКА ж., бат. Гнілушка; гнілая садавіна; гнілая ягада. Так хацелася мне клубнікі, а ў мяне было многа гнілух. Замошша Брасл. Пад яблыняй шмат гнілак ляжыць. Мілашкі Брасл. Трэба сад ад гнілак ачысціць. Гарбацэвічы Арш.
ГНІЛУХА ж. Топкае балота. Дзе той цялёнак падзяваўся? Хоць бы не забрыў у гнілуху. Мікуліна Глыб.
ГНІЛУШКА ж. Трэска для дымлення пчол. Прынясі гнілушак болей. Новае Сяло Тал.
ГНІЛУШКА ж. Перазімавалася ў зямлі бульба. Па вісне па полі сабіралі бульбу мёрзлую, гнілушкамі называлі. Вядзерава Беш.
ГНЭНБІЦЬ незак. Крыўдзіць, зневажаць. Што ж ты мяне гнэнбіш? Дунілавічы Паст.
ГНЯВЁР м., міф. Чарадзей, чараўнік. Я гнявёр, зараз як зачарую вас. Езярышча Гар.
ГНЯЗДО н. Бярлога, логава. Не хадзі ты ў лес. Там, кажуць, гняздо мядзведзя ёсць. Празарокі Глыб.
ГНЯЗДО н., перан. Куст цыбулі. У гэтым годзе ў кожным гняздзе ў сярэднім мы налічылі па восем цыбулін. Вянужа Міёр. Параўн. гразно.
ГНЯНУЦЬ незак. Ударыць, стукнуць. Курыца залезла ў гародчык, парыла грады. Дык я яе добра гнянула. Лазы Тал.
ГОГА м., заал. Певень. Ай, да гога у нас! Як пяець! Опса Брасл. Параўн. галагут, гылан.
ГОГАН м., заал. Акунь з ікрой. Мне адні гоганы папалісь. Зайкава Гар. Параўн. гарбыль, гарбач.
ГОЙ м., толькі адз. Пабоі. Хто ж перанясець яго гой? Страдаець сям'я. Ноўка Віц.
ГОЙКАЦЬ, ГЭЙКАЦЬ незак. Крычаць, гукаць. Мы ў лесе гойкалі-гойкалі, але цібе не было чуваць. Губіца Шум. Гэйкаць і рукамі махаць усе могуць. Каўровая Дубр.
ГОЙКНУЦЬ зак. Крыкнуць, пагукаць. Гойкні яшчэ раз, можа, адзавецца. Стралкі, Моханава В.-Дзв.
ГОЙТАЦЦА незак. Гайдацца. Пад акном у нас ад ветру галіны рабіны гойтаюцца. Драбаўшчына Глыб.
ГОЙСАЦЬ незак. Танцаваць. Моладзь зараз не так гойсаець, як мы раней. Бор Чаш. Параўн. гарцаваць.
ГОЛДА аг., зневаж. Бесталковы, разумова абмежаваны чалавек. Тая кабета была такой голдай, што з ёй ні было пра што гаварыць. Савуткі Шарк. З гэтай голдай нічога рашыць нільзя. Дзёрнавічы В.-Дзв. Параўн. глума, грак, грамазда ў 1 знач.
88 👁