ВЫЧЭКВАЦЬ незак. Чакаць, падпільноўваць. Дзед мой ваўка вычэкваець. Скрыдлева Віц.
ВЫШАРАШВАЦЬ незак. Мыць, шараваць. Сцены вышарашвалі пяском. Баршчоўка Віц.
ВЫШЧАРЫЦЦА зак., перан. Паказацца з-за хмары. Вот і сонца вышчарылася, светла, добра стала. Папкі Міёр.
ВЫШЫВАНКА ж. Вышыты ручнік. Трэба ўжо памыць вышыванку. Загарадна Лёзн.
ВЭДЗГАЦЦА незак. Аддаваць каму-небудзь многа часу. Што ты цэлы дзень вэдзгаешся з імі?! Старое Сяло Уш.
ВЭЛЕН, ВЭЛІН м., ВЭЛЬ ж. Вэлюм. А ў маладой вэлен на галаве будзіць. Слабада Глыб., Галбея Паст. Купіла вэлін – беласнежны, прама воблака. Жукоўшчына Шарк. Вэль у маладой доўгая. Заазер'е Пол.
ВЯГЕЛА м., заал. Мянтуз. Глядзі, якога вягела сёння вылавіў. Чарневічы Глыб.
ВЯЗАНКА ж. Нізка рыбы. На вязанку рыбу весяць. Янкавічы Рас.
ВЯЗЁНКА ж. Вязаная рукавіца. Мая бабулечка звязала мне вязёнкі – цёплыя, мяккія. Паловікі Лёзн.
ВЯЙНУЦЬ зак., безас. Павеяць. Сярод зімы цяплом вяйнула. Празарокі Глыб.
ВЯКОВЫ прым. Векавы. Вяковыя дубы растуць у нас. Новая Вёска Докш.
ВЯЛІКАННЕ, ВЯЛІКАННЯ н., рэліг. Вялікдзень. На Вяліканне пойдзем у цэркву. Фарынава Пол. На Вялікання пірагі спяку. Празарокі Глыб.
ВЯПЛА аг., зневаж. Разява, дурань. Ні будзь вяплай, глядзі пад ногі. Мішкавічы Шум.
ВЯПЛАВАТЫ прым., зневаж. Дурнаваты. Ты зусім нейкі вяплаваты. Белькі Паст.
ВЯРДЗЕЧЫЦЬ незак. Гаварыць на незразумелай мове. Тут немцы пірішлі, вярдзечуць нешта сабе. Шупені Тал.
ВЯРХОНКА ж. Рукавіца з адным пальцам. Надзень, кажу, вярхонкі, замараешся. Камары Віц.
ВЯРХОЎКА ж., заал. Верхаводка, невялікая прэснаводная рыбка. У нас водзяцца вярхоўкі. Рабцы Сен.
ВЯРЫЗГАЦЬ незак., груб. Крычаць на каго-н., лаяць каго-н. Усё жыццё вярызгаеш на мяне. Ліпаўкі Докш., Сахнавічы Глыб.
ВЯРЭНЬКА ж. Сплецены з бяросты кошык з накрыўкай. Вазьмём, бывала, вярэнькі і пойдзем у магазін. Рошчына Сен.
ВЯРЭСК гл. ВЕРАСК
78 👁