Старонка 134
◀ / 305 ▶
ВЫРВА аг., неадабр. Пранырлівы, прабіўны чалавек. Такі вырва ўсюды ўлезе. Вярэнькі Паст. Параўн. варатага. ВЫСАКА прысл. Высока. Кот вельмі высака залез. Кавалі Лёзн. ВЫСАНЧЫЦЬ зак. Зліць, сцадзіць (пра малако, ваду і інш.) Высанч малако ў канку. Купчэлі Брасл. ВЫСТАР м. Стары чалавек. Я ўжо выстар, сваё пражыў. Езярышча Гар. ВЫСТАРАК м., экспр. Немалады нежанаты хлопец. Ён так і астаўся выстаркам, мо таму, што кульгаў. Гарадок. ВЫСТАРЫЦЦА зак. Страціць здольнасць усведамляць, выжыць з розуму (пра старога чалавека). Дзед наш саўсім ужо выстарыўся. Стасева Лёзн. ВЫТЛУМІЦЬ зак. Выдумаць, сказаць няпраўду. Ты ўжо як вытлуміш, дык і веруць людзі. Камайск Докш. ВЫТРУХАЦЬ зак. Вытрасці. Нада вытрухаць палавікі. Бігосава В.-Дзв. ВЫТРЫБУШВАЦЦА незак. Выходзіць з памяшкання. Вун падруга твая з хаты вытрыбушваецца. Быцава Беш. ВЫХАРТАЦЦА зак. Выгаладацца. Дужа я сёння выхарталася. Чэрцы Леп. Цэлы дзень у ягадах. Да вечара выхарталіся добра. Вераб'і Пол. ВЫХВАЦІЦЦА зак. Выжыць. Тры сям'і пчол выхваціліся з зімы, жывушчыя. Данілкава Тал. ВЫХУДЛЫ прым. Схуднелы. Які ж выхудлы сабака, ці паправіцца? Галбея Паст. ВЫЦІРАЛЬНІК м. Ручнік. Каля ведра і выціральнік саматканы вісіць. Снегі Міёр. ВЫЦУБІЦЬ, ВЫЦУЛІЦЬ зак. Выпіць усё. Так захацела піць, што выцубіла літр кампоту. Валосава Тал. Малы ўлюбіў малако і выцуліў усю бутэльку. Грамошча Пол. ВЫЦЯГЦІ зак. Выцягнуць адкуль-небудзь. Трэба кацялок з печы выцягці. Янкі Докш. ВЫЧМУРАЦЦА незак. Сваволіць, гарэзаваць, дурэць. Не вычмурайся, бізуна дам. Папшычы Глыб. Параўн. вылінгацца, вынодвацца. ВЫЧМУРОНІК м. Свавольнік, гарэза. Вычмуронік ты, калі ж ты ўймешся?! Папшычы Глыб. ВЫЧУНЯЦЬ зак. Ачуняць, выздаравець, паправіцца. Мо ў бальніцы і вычуняю? Зубава Арш. Параўн. выкачацца. ВЫЧВАРАЦЬ незак. Рабіць што-небудзь непрыстойнае, вытвараць. Ён давай скакаць ды вычвараць усякае. Зубава Арш.
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
82 👁
◀ / 305 ▶