ВЫЖАРЦЬ зак., экспр. Моцна пабіць. Маці выжарыла ката за шкоду. Азёркі Гар.
ВЫЖЫМАЦЬ незак. Мыць бялізну. Выжымала паўдня ўчора, сягоння рукі ломяць. Папшычы Глыб.
ВЫКАБЛУЧВАЦЬ незак. Танцаваць. Глянь, выкаблучвае, як малады. Фарынава Пол. Мой быў добры танцор, бывае, так выкаблучвае, аж тапці ляцяць. Шаркаўшчына.
ВЫКАТ м. Дэкальтэ. Адзене што-небудзь з вялікім выкатам – глядзець сорамна. Сар'я В.-Дзв.
ВЫКАЧАЦЦА зак. Выжыць, выздаравець, паправіцца. Мяне паранілі немцы, але я выкачаўся. Езярышча Гар. Параўн. вычуняць.
ВЫЛАЖЫЦЬ зак. Спакладаць; кастрыраваць. Вылажылі свайго барана. Мар'янполле Брасл.
ВЫЛІНГАЦЦА незак. Сваволіць, гарэзаваць, дурэць. Пасядзі ціха, не вылінгайся. Каханавічы В.-Дзв. Параўн. вынодвацца, вычмурацца.
ВЫЛІЎКА ж. Драўляны коўш для вычэрпвання вады з лодкі. Адплылі ад берагу і ўспомнілі, што не ўзялі выліўку. Езярышча Гар.
ВЫЛОГІ мн. Барты ў адзенні. Пальто шыюць з вылогамі. Абаляны Брасл.
ВЫЛУПАІ мн., зневаж. Вялікія вочы. У дзеўкі такія ўжо вылупаі. У каго толькі ўдалася! Ахрэмаўцы Брасл. Параўн. вірлы.
ВЫМАТЫВАЦЬ незак. Выветрываць. Я во тут адзежу выматываю. Абольцы Тал.
ВЫМЕТНУЦЦА зак. Знікнуць, сысці. Еслі ў цёмным хараніць, то, гаворуць, на тым свеце будзіш пад страхой многа стаяць, пака цёмнае ўсё выметнецца. Азяркі Глыб.
ВЫНАСАК м. Зносак; маленькае курынае яйцо. Ета ж ні яйцо, а вынасак. Што падзелыць з курыцай? Баева Дубр.
ВЫНОДВАЦЦА незак. Сваволіць, гарэзаваць, дурэць. Не вынодвайся, стой на месце! Літусава Сен. Параўн. вылінгацца, вычмурацца.
ВЫПАЎЗЕНЬ м., заал. Дажджавы чарвяк. Як прайшоў дожджык, дык усюды выпаўзняў навымывала. Слабодка Брасл.
ВЫПЕТРЫЦЦА зак. Выпетраць, схуднець. Працуе дзень з ноччу і ў саўгасе, і дома, выпетрылася вунь, косці адны. Празарокі Глыб.
ВЫПІВОХА аг., асудж. П'яніца. На цябе гарэлкі не хопіць, выпівоха. Выгада Сен.
ВЫРАБІЦЬ зак. Адпрацаваць; перастаць працаваць. Вырабіў сваё я даўно ўжо. Гута Паст.
78 👁