ВУШЛЫ прым. Спрытны, знаходлівы, хуткі. Ну, ты і вушлы мужык. Смалоўка, Хацейка Гар. А хлопец ён вушлы, з яго толк будзе. Празарокі, Чарневічы Глыб. На канікулах унучок быў, віжу, вушлы ён расцець. Вісяты Міёр.
ВУШМАЛА аг., зневаж. Знешне неахайны, невялікага розуму чалавек. Ну які ж ты вушмала! Ну ніякага ж саабражэння! Вусава Глыб. Ай, які страшны мужык, як вушмала, такі ж запушчаны. Перавознікі, Прамышляды Паст., Альхоўцы Шарк.
ВЫБАСЦІЦЬ зак., экспр. Збэсціць, зняважыць. Прышоў – ні добры дзень, ні до відзэня, дык і выбасціў з граззю змяшаўшы. Папкі Міёр.
ВЫБІТНЫ прым. Прыгожы. Ён малец выбітны! Антонаўка Арш.
ВЫБОІ толькі мн. Шпалеры. Паклеілі мы ў хаце новыя выбоі. Ліпаўкі Докш. Добра ў яе ў хаце. Чысцінька, кругом выбоямі паклеіна. Сахнавічы Глыб.
ВЫГАННАЕ н. Дзённы харч пастуха. Выганнае з вечара гатовілі, давалі, што было ў хаце. Булахі Глыб.
ВЫГАРКА ж. Выгар; участак лесу, хмызняку, выпалены агнём. Сёліта праз гэтыя пажары выгарка намнога большая. Мішкавічы Шум. Параўн. выжарка.
ВЫГАРКА ж. Яма, запоўненая вадой; сажалка. Прынясі вады з выгаркі, пальём грады. Чэрцы Леп. Дзед выкапаў вельмі глыбокую выгарку, дык мы абгарадзілі яе. Ураджайная Глыб., Палова, Прудок Гар., Фарынава Пол., Клясціцы Рас., Лазоўка Сен.
ВЫГОДА ж. Выгада, карысць. Якая выгода мне ад таго пса? Мількі Брасл.
ВЫДАЦЦА зак., безас. Здацца. А на тым мейсцы выдалася, быта нейкі чорны сабака дарогу перабягаў. Малькі Брасл.
ВЫДЗЕР м. Здор. А са свіней яшчэ й выдзер топім. Янкавічы Рас. Дзед, тапі печку, буду выдзер тапіць. Буды Шарк.
ВЫДЗЕРГА ж., тэхн. Цвікадзёр. Выдзергай выцегнеш усе гвазды. Матырына Леп.
ВЫДЗЕРКІ мн. Поле на месцы сенажаці, пакрытае дзірваном. На тых выдзерках ці вырасце што, а работы прыкласці трэба. Мікалаева Міёр.
ВЫДУБІЦЬ зак. Выбіць, вычысціць. Трэба выдубіць коўдру. Валосава Тал.
ВЫЖАРКА ж. Выгар; участак лесу, хмызняку, выпалены агнём. На выжаркі ў гэтым гаду столька маліны было. Ахрэмаўцы Брасл. Параўн. выгарка.
91 👁