870. Прыказка паходзіць з хрэсьбінна-бяседнай песні, вядомай у розных варыянтах. Гл. напр.: Радзінная паэзія. Мінск, 1971, стар. 602:
Ай, цёшча мне міла, міла для заезду,
Ай, жонка мне міла, міла для савету,
Ай, маці мне міла, мілей усяго свету.
875. Хлебная матка — маці, што нарадзіла і выгадавала. Не выключана, што гэта з галіны даўняй міфалогіі: дух-гаспадыня поля (пар.: Жытняя баба. БелСЭ, т. 4, стар. 449).
886. Ятка — мясная крама.
897. Сэнс прымаўкі: на вяселле (ці на якое іншае святкаванне) нагатавалі ўсяго столькі, што можна было б яшчэ адно вяселле справіць. Пар. рус.: Наварить на Маланьину свадьбу.
903. Няма такой маці, у якой не паміралі б дзеці.
909. Пушыць — тут: корміць (робіць іх пухкімі).
913. Не какохне — не ўздыхне цяжка.
930. Папка — хлеб (з дзіцячай лексікі).
957. Адзіняка, адзінака — адзіны сын у бацькоў.
969. Над маліну, над дзяўчыну — лепей за маліну, лепей за дзяўчыну.
979. Не будзе каму хату прыбраць.
985. Пра выбар жаніха.
995. Гаюшка — тут: голая, бедная.
1000а. Жадна — ніводнай.
1006. Змуста — той, каго мусяць, абавязаны даглядаць.
1009. На глум — тут: жартам, у насмешку (пар. старажытнарускую назву скамароха — ігрэц, глумец. Гл.: И. И. Срезневский. Материалы для словаря древнерусского языка, т. I. СПб, 1890, стар. 522).
1029. Нясужа — недасужа, няздольна ўжо.
1031а. Дзевіч вечар — частка вясельнага абраду: вечарына ў нявесты напярэдадні вяселля.
1041—1068. Нявестка ў мужавай сям'і. Нявестка і свякроў, свёкар, залоўкі, дзевяры.
1046. Дола — тут: схіліўшы галаву, пакорліва.
1047. Наветкі — намёкі.
1049. Порсткая — тут: упартая.
1059. Не ахвоціцца — не хочацца, не цягне.
1069—1089. Зяць, яго ўзаемаадносіны з цешчай і цесцем.
1072. Гл. заўв. 870.
1090—1103. Пра зяця-прымака і яго месца ў сям'і цесця.
1098. Прыстаў — пайшоў у прымакі.
1100. Дольнік — прымак або часовы член сям'і, здольнік, які працуе за частку (долю) ураджаю.
1104—1114. Пра развод і прочкі (уход жонкі або мужа да сваіх бацькоў).
1112. Марцовая пара — час заляцанняў, легкадумных паводзін.
1117. Гл. таксама III. 1503.
1129. Дурата, дурота — тут: цемра, непісьменнасць, а таксама недагледжанасць.
1143. Гл. таксама III. 1622, 2099.
1151а. Пабедная — бедная (пар. рус.: Победная моя головушка! горемычная, горькая, бедующая. Даль, Слов., III, 139).
78 👁