А. А. Крывіцкі
РЭГІЯНАЛЬНАЯ ЛЕКСІКА
З ПАЎНОЧНАЙ ВІЦЕБШЧЫНЫ
Рэгіянальныя словы, якія ўвайшлі ў гэту падборку, запісаны ў 1974 г. на поўначы Гарадоцкага раёна Віцебскай вобласці ў в. Бярнова Віраўлянскага сельсавета пры збіранні матэрыялаў для Лексічнага атласа беларускай мовы. Пераважная большасць слоў была зарэгістравана ў час «праграмных» і звычайных гутарак з мясцовымі жыхарамі Мікалаем Андрэевічам Пётрусем і яго жонкай Яўгеніяй Рыгораўнай, калгаснымі пенсіянерамі, людзьмі гасціннымі, добрымі і сардэчнымі. Мікалай Андрэевіч паведаміў таксама мясцовыя назвы рыб і шмат рознай лексікі, якая звязана з традыцыйнай лоўляй рыбы і яе апрацоўкай. Ён заўзяты рыбалоў, выдатна ведае сваё чыстае, прыгожае і даволі вялікае Бярноўскае возера (з усімі яго падводнымі і надводнымі насельнікамі), каля якога на адным з высокіх пагоркаў размешчана вёска.
Гаворка вясковых жыхароў па фанетыцы і марфалогіі слоў тыповая для паўночнай Віцебшчыны. Да гэтага варта дадаць толькі наступнае.
Вельмі выразная ў гаворцы, так сказаць, «невыразнасць» канцавога ненаціскнога а ў адкрытым складзе: пучына, павесьма, тріпалка, сена, баба, нъправа, къла і г. д. У некаторых выпадках такое вымаўленне ўспрымаецца нават як адсутнасць гука. Але звычайна чуецца сярэдні па пад'ёму, але вельмі кароткі нейкі «безгалосы» галосны гук (голас перастае гучаць быццам бы на нейкае імгненне раней, чым закончыцца «выдыханне» канцавога галоснага).
У мясцовай гаворцы досыць паслядоўна выступае таксама адна марфалагічная асаблівасць — формы з -ы(-і) у назоўнікаў жаночага роду тыпу вада, зямля не толькі ў давальным, але і ў месным склоне адзіночнага ліку: к вады, к травы, к сястрі, на сцяны, на спіны, і г. д.
76 👁