шчакятурыла лупы і сёртаіць па заўголлю 'бадзяецца, мазоліць вочы'».
Пра чалавека, у якога ўсё ў парадку і якога амаль нішто не турбуе, з добрай зайздрасцю маглі заўважыць: ён тумарнік; у яго ўсе дні ў дабрэ (між іншым, так гаварылі і пра гультая, але з пэўнай інтанацыяй); яму й ні шум баравый; у яго ўсё ў даглядзі; у яго ўсе дома. Тумарнік быў і той, хто адчуваў сябе шчаслівым і задаволеным хоць у якой дробязі. Так, сядзе маці на ўслончык, або зэдлік, пірабувацца, накруціць сухую анучыну, шлык! — надзела бот — ды й скажа шчасліва і супакоена: «Во, цяпер я тумарніца: цяпер мне сам чорт ні брат». І пайшла жывёле даваць, ваду насіць, адным словам — спраўляцца.
Тумарніка маглі назваць і рахманым, калі ён хваліўся. Напрыклад, сядзяць мальцы 'хлопцы' на сялё, гуляюць у карты і размаўляюць: «Ну, дзяржыся, Сямён, січас мы вас напаяйім».— «Ты, Вальдук, рахманый сягоння, у цябе вун поўна рука казыроў, а ў мяне адна шакша 'дрэнныя карты: ад шасцёрак да дзевятак' сабралася, ды і ў Ёскі ўсе чысценька абмалоткі 'тое ж, што і шакша'».
Хто любіў збедніцца і ўвесь час скардзіўся на свой лёс, заслугоўваў іранічнае спачуванне: «Ты ў нас гаратнік, бедный, як старац у дзярэўні: што ўгол — то есь, што куст — то робіць». Бедны, які, наадварот, любіў падзадацца 'падхваліцца', зваўся багатыр або багатыр Пакроўскій. Проста хвалько зваўся яшчэ задавака або задавала.
Хітрыя і лоўкія людзі нашай вёскі маглі з любога кораба выскачыць. Але калі такі дзялок (шалапут, пракуда, пракудзісты) спрабаваў пад'ехаць летам на саначках да такога ж выжлы, як сам, то апошні мог у яго запытаць: «Дзе ты спіш, такій хітрый, каб цябе куры ні абробілі?»
Стары хворы чалавек мог сам сябе назваць адаропка або чаропка. Адаропкай можна было назваць і вялікі стары прадмет з цвёрдым каркасам: хату, хлеў, калёсы, мялку, скрыню і г. д.
Адзінокі чалавек або яго хата, калі яна стаяла на вотшыбе, называліся баўдыр.
76 👁