Як ён гаворыць
Калі дзіця нараджалася на свет, яно ўмела толькі балбатаць, балматаць, піцюкаць, шчабятаць, квіркаць або лялёшчыць. Яно лялёшчыла, калі бачыла падыходзячую маці, але не магло словамі выказаць сваю радасць. Між іншым, лялёшчылі малыя ластаўкі і іх маці, квіркалі 'квакталі' жабы ў копанцы, або ў луміні, 'сажалцы'. Пазней дзіця пачынала ўжо нешта гялдэчыць, галдуёчыць або галдэчыць. Потым ужо лададзіць і тарахцёць, калі адчувала радасць ад таго, што словы вылятаюць з роту, як боб. За некаторымі звычка лададзіць, далаціць і тарахцёць захоўвалася на ўсё жыццё.
Калі дзіця чамусьці плакала і паводзіла сябе неспакойна, гаварылі: сквярэцца, кавэнчыцца або сцягаваецца 'хварэе'. Калі яно пачынала раўсці, казалі: заходзіцца, равёць нема.
Паўтараць адно і тое ж або прасіць чаго-небудзь без перапынку значыла жэйгаць або канькаць. Так, калі малое ўсю раніцу ніяк не магло дачакацца, пакуль зварыцца бульба, і ўсё жэйгала: «Мама, ну калі ўжо бульба будзіць добра?», маці магла не вытрымаць і расхаляравацца: «Усё, квіт, загарэлася бяроста ў адным месці. Канькаіць усё рання, што я табе бульбу з пальца выламаю. Я вам учора вечарам казніла, каб паджогі сухой нашчапалі, цяпер во ўсё рання курадымлюся з гэтымі намакнямі 'памакамі'».
Гультаяватыя жанчыны часта распірынджывалі 'марнатравілі час за пустой балбатнёй', п'яныя нешта трулілі, варлыжалі, вярзлі, зяпалі. Зяпаць ці трылузіць маглі і цвярозыя, але яны ўжо рызыкавалі тады ператварыцца ў зяпло або трылузу, які гаворыць, як спіць 'несур'ёзна'. Незадаволеныя асобіны пукчэлі, як цеста ў дзежцы-хлебніцы, калі падхадзіла, або гундосілі. Увогуле гундосіць значыла 'гаварыць у нос'. Хворыя ў беспрытомнасці трызнілі, пляткаркі зюзюкаліся, абгаворваючы суседзяў, падросткі гулёкалі або гарлапанілі на ўсю ваколіцу. Гукаць значыла 'гаварыць пустое, няпраўду'. Так, адна жанчына пераконвае другую ў тым, што яе карова вельмі памаўзлівая, 'шкодная': «Ну што ты гукаіш, Вінчыха, калі твая Крутугалоўка загізуіць, яе ўжо ніякій чорт ня тверніць 'не забяжыць'».
Тое, аб чым не гаварылі ўголас, а толькі шэмрылі,
78 👁