давалі падставы часам для адпаведнай моўнай адзнакі.
Мясцовыя веліканы зваліся жардзіна, гаргарына, вірста або зноў жа стуйбінь, калі яны рабілі што-небудзь не вельмі разумнае. Той, каго прырода абдзяліла ростам, зваўся кныпус, віліпут або курдупіль. Адметнай рысай курдупіля былі таўшчыня і кароткія ногі.
Пра худога някрэпкага чалавека маглі сказаць: склют, сухар, сухлёц, сухастоіна, пішчык, здыхля, худапахолак, занужалый, нідапошлый, падтатуліный, сухадруцкій, тры дні да смерці, глядзіць на паповы сані, у шчэпкі ўзяць, падхартаный.
Позна спаць лічылася ў вёсцы справай, не вартай павагі. Нават госць падымаўся разам з гаспадаром і спрабаваў знайсці нейкі карысны занятак. Літаральна ў апошнія гады, калі да нас пачаў хадзіць аўтобус і ўсё наваколле закішэла гарадскімі паляўнічымі і рыбакамі — выхадцамі з нашай вёскі, гэта патрыярхальная традыцыя раптам канула ў небыццё, і цяпер на сон усе глядзяць з гарадскім рацыяналізмам. Даўней жа пра аматараў паспаць, трухлоў і лантрухаў, гаварылі, што яны шчасця й долю праспяць, і страшэнна ванцялі 'лаялі': «Во, лантрух, трухніць, пакуль сабака воч ні праміііць, або: во, рыштант, дзярэць за печчу трапкі 'храпець', пакуль сонца ў ваднό места ня ўпрэцца».
Даставалася і непаваротлівым. Яны атрымлівалі мянушкі навурзня, намакань, бамбэнак, рагіза, барана чухонская, нясклёпістый, нясклёпа, ціляпень. Тры першыя словы ўжываліся звычайна ў адносінах да тоўстых асоб. Больш канкрэтна слова ціляпень служыла для назвы чалавека, маладога хлопца, які не мог удала пераскочыць цераз агонь у ноч на Івана Купалу.
Пра таго, хто многа плакаў, гаварылі, што ў яго вочы на мокрым месці. У адносінах да дзіця ўжывалі ў гэтым сэнсе слова румза. Румзаць значыла 'плакаць слязліва і доўга'.
Пра ганарыстую жанчыну з характарам маглі сказаць: «Тожа паглядзі, гэткая кнюпа, нотная, ты ж панімаіш, начапурылася 'прыбралася', як глёра, шастком барады ні дастаніш. Ходзіць ханянём, як ахмістрыня». А вось якую моўную характарыстыку маглі атрымаць завіўка і нафарбаваныя губы гэтай асобы: «Во шчэпіцца здуру 'лупіцца са скуры': наплоіла свае калтуны, на-
91 👁