Старонка 17
◀ / 289 ▶
вёсцы магло ўжывацца як агульнае імя, як сінонім стараннасці. «Здароў, Барманскій,— гаворыць сусед суседу.— Нешта ты дроў вутла 'мала' наробіў. Можа табе якіх смалякі са два пазычыць на паджогу 'растопку'?» А гэта зусім і не Барманскі, а які-небудзь Шпілецкі або Прыстаўка, Фрыдрых ці Бруквін. І дроў у яго не вутла, а пад самую страху і ў хляве, і ў хаце. Сапраўды, як у Барманскага, які ўмее рабіць усё: і жорны, і цабэркі, і боты. Калі ж хто не вызначаўся асаблівым талентам і стараннасцю да працы, пра таго казалі: зломак; ні да танцу, ні да ражанцу; у яго рукі там; у яго рукі нёдзя. Легкадумным, якія многа і хутка гавораць і ўсюды стараюцца ўставіць свае тры грошы, прычэплівалі мённі 'мянушкі': тарахцёлка, жэйгала, халтама, лаханда, балабёшка або нават балбёшка. Так, адна жанчына пераконвае другую ў тым, што карова-перадойка не можа даць у сакавіку багата малака: «Ту на цябе, тарахцёлка, Манька адкуль другая, гаворыць, як спіць. Йікая табе пірадойка ў марцы месіцы столькі малака дась — тры літары як лёду. Як на траву пойдзіць, дась болі». (А Манька ўсёй вёсцы вядома сваёй халтамаватасцю і несур'ёзнасцю). Халтама, лаханда і лахалэя вызначаліся яшчэ сваёй неахайнасцю і часам пачыналі рабяціцца, халтаміцца 'паводзіць сябе, як дзеці'. Манера маўлення чалавека адлюстроўвалася ў словах: комкала 'той, хто комкае словы ў роце', зяпло 'той, хто крычыць, зяпаіць, шырока рашчыняючы зяпу або ляпу 'рот', гыркала, гіркала або крыкун 'той, хто гыркае, як сабака, або раве нёма, як бык'. Пра зяпло гаварылі, што да яго з колам у горла ня ўлезіш. Мармырак жа — таўстаморды слімак, які пырскае слінай, калі гаворыць, дакладней кажучы, мармыча 'гаворыць незразумела'. Калі каму хацелі сказаць, што ён не надта разумны, ужывалі словы цюпка, пёшня, абух, доўбня, пацяўпёшка, нявывалака, нюнька, аплэвух, аблэвух, боўтка, стуібінь, змішуджаный, пыльным мяшком удараный, нідапёка, нідапёчаный, нідаробак, Ганс дурный. Апошняя назва ўзнікла, магчыма, па той прычыне, што немцы размаўлялі на нінаськай 'незразумелай' мове або ў іх звычаях і паводзінах было нешта незвычайнае, на погляд маіх землякоў. Да таго ж і суседскія адносіны, відаць,
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
86 👁
◀ / 289 ▶