на ўсё жыццё дало нам добры запас цвярозасці і аптымізму. І нават нечаканыя віры рэальных падзей успрымаліся намі заўсёды як нешта звычайнае.
Родныя Буцькаўшчыны сталі для нас на ўсё жыццё добрымі, хоць часам і суровымі бацькаўшчынамі.
А цяпер паспрабуем паказаць абразкі таго бясконцага і цудоўнага свету роднай мовы яе ж сродкамі — родным словам.
Чалавек — які ён?
Наша Буцькаўшчына была невялічкай вёсачкай, хат на дваццаць пяць, як гэта звычайна на Полаччыне, але даволі люднай. На гліне і падзолку раслі нікарысныя бульба і жыта, а вось на дзетак быў заўсёды добры ўраджай. І раслі яны на дзіва моцнымі і хутка, або, як у нас казалі, бучнымі — усё цельпукамі ды камлюкамі. Склюты, пішчыкі, худапахолкі і нідапошлыя былі рэдкім выключэннем. Дарослыя ж, як мне цяпер здаецца, былі ўвогуле вельмі шчырымі і добрымі людзьмі. Не было сярод іх ні агазных гультаёў, ні бадзяк, ні валацуг, ні бязмерна тоўстых, ні сухіх, як пруток. Не было і набітых дурняў. Але народная моўная фантазія стварала іх у вялікай колькасці: на вечарынцы, на сяле 'седзячы ў вольны час у каго-небудзь з аднавяскоўцаў', у полі, дома, у злосці і ў добрым гуморы. Так, у гультайстве можна было абвінаваціць любога, але гультай быў чамусьці амаль заўсёды мужчынскага роду і абавязкова тоўсты: лэйбус, байбак, біцуга (хаця біцаваць значыла 'цяжка працаваць'), басалыга, бадзяка, страміла, рашка, навурзня, намакань. Два апошнія былі да таго ж яшчэ не вельмі рухавымі, а рашка павінен быў мець тоўсты чырвоны твар. Басалыгі, бадзякі, страмілы вельмі любілі хадзіць на сяло або былі юрлівыя да жанчын. На работу гультаі звычайна збіраліся як галодны ў крапіву. Пра такія зборы казалі: «Пакуль сын абуўся, дык бацька змалаціў». А працавалі гультаі пусці — павалюся. Калі якая-небудзь жанчына мела такого мужука, што павінна была ўсюды сама запабегчы 'ўсюды паспець', то пра такую казалі: «Гаратніца». І вось сядзе такая маладзіца, ссумеецца 'замаркоціцца', паправіць хустку і ўздыхне: «Ахухцінацямненькі, гора мне з гэтым пасяльнічым: адкалынтырыцца на гэтай рабоці абы
80 👁