Старонка 14
◀ / 289 ▶
Цягнулі па чарзе па 3—5 трубачак. Перад гэтым шчыталіся, каму першаму пачынаць. Шчыталіся, як у хаванкі, нешта накшталт: «Эны, бэны, тры кафоры, сахар, махар, памідоры, эс, бэс, кіслый квас, каму нада фунт кілбас». Той, на каго выпадала апошняе слова лічылкі, пачынаў. Ён павінен быў паказаць людзёнка, г. зн. знешнімі сродкамі стварыць вобраз адпаведнага чалавека. Так, калі на паперцы значылася салапяка, той, хто загадваў, звычайна схіляў галаву неяк уперад набок на грудзі, высалаплівау 'высоўваў' язык, пускаў слінькі паміж языком і лупамі 'губамі' і пераступаў нагамі, гэтак шлым-шлым 'зацягваючы крок'. Здавалася, што ён падобны да быка, які апундырыўся 'абапіўся' памыяў. Другі павінен быў адгадаць і крыкнуць: «Салапяка». Хто адгадваў, атрымліваў тое, на што закладаліся: прыгожы каменьчык, кавалак лапуна 'праснака', або даваў саперніку ў лоб стрычака 'пстрычку'. Салапяку было лёгка пераблытаць з мармыркам, які адрозніваўся тым, што стаяў нерухома і не пускаў слінькі, а лыпаў вачыма або казёліў іх 'вытарашчваў'. Сёння я не перастаю здзіўляцца, з якой лёгкасцю мы ўтваралі новыя словы і напаўнялі ўжо вядомыя новым сэнсам, як сінтэтычна ўспрымалі змест слова. З родным словам літаральна зліваліся ў адно і гукі, і жэсты, і міміка, і рытм. Родная мова была і першай школай жыцця, школай разумення не толькі рэчаў, але і ідэальнага ў яго нейкім канкрэтным увасабленні. Слова не толькі называла, але і выхоўвала. Калі я зараз назіраю за мовай майго вернага сябра, маёй юнай дачкі, я бачу нешта зусім іншае. На жаль, спатканні з прыродай, з яе нямой мовай, з жывой мовай народа застаюцца для яе толькі святочнымі эпізодамі дзяцінства. Амаль усё ёй замяняюць кніжкі. Пад вокладкамі жывуць людзі, звяры, расліны. Гравюры і малюнкі — плоць, тэкст — душа і непаўторная сутнасць гэтых істот. Яна ідзе ад ведаў к прадмету, ад слоў к рэчам. Словы ж гэтыя — стэрылізаваныя і прылізаныя, а свет і рэчы — класіфікаваныя і асэнсаваныя, але тым не менш не заўсёды зразумелыя. Хаатычнасць яе кніжнага вопыту блытаецца з рэальнымі падзеямі. Для нас жа, тых, хто рос у Забораўнах, Падазер'ях, Глыбачках, свет адчыняўся праз рэчы, і здаровае ўяўленне аб іх было ўжо замацавана ў родным слове, якое
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
81 👁
◀ / 289 ▶