П. В. Садоўскі ГАВОРЫЦЬ МАЯ БУЦЬКАЎШЧЫНА Родная матчына мова... Чым далей я адыходжу ад яе, тым больш выразна чуецца яна мне, тым больш настойліва вабіць да сябе. Нават адведаўшы крыху лінгвістычнай мудрасці і прыслухаўшыся да арганнага хараства, якім гучаць іншыя мовы, я ўвесь час адчуваю, што адзінай мовай, аднолькава блізкай майму розуму і сэрцу, засталася тая, на якой гаворыць мая Буцькаўшчына, маленькая вёсачка на Полаччыне. Цяпер я пачынаю разумець, што мова, на якой маці спявала мне калыханку, размаўляла з каровай, плакала па загінуўшаму бацьку і па пабітаму градам жыту, была для яе не толькі сродкам, «пры дапамозе якога людзі ўступаюць у кантакт і дасягаюць узаемаразумення». У вуснах маёй маці, як і ўсіх маіх аднавяскоўцаў, яна была цэлым светам: і радасцю, і горам, і тэатрам, і паэмай, і пантамімай, і скарбніцай жыццёвай мудрасці — усіх тых каштоўнасцей, якія так цяжка зразумець у нараўлівай плыні жыцця. Гэтую мову мне не заменіць ніякая іншая, якая б магутная і вялікая яна ні была. Нішто не сагрэе мяне так, як прывітанне маёй былой суседкі, старой Мікіціхі: «Што, масіяш, прыехаў? Анягош, яно ж так, што чалавек, што скацініна: як ні жыві, дзе ня будзь — усё дамоў карціць». Гадоў да адзінаццаці мы з сярэднім братам вельмі любілі гуляць у цацкі. Куплёных, або крамных, цацак у нас, вядома, не было. Таму мы выразалі з паперы фігуркі жывёл, людзей, рэчаў і гулялі. Больш за ўсё нам падабалася гульня ў людзей. На кавалачках паперы пісалі словы, якія трапна перадавалі знешні выгляд чалавека. Напрыклад, жарло, або трубло, 'той, хто многа есць', салапяка, 'таўстаморды слімак', містрыпічка 'рухавая гаварлівая асоба з тоненькім галаском' і г. д. Гэтыя паперкі скручвалі ў трубачкі і клалі ў шапку
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
91 👁