Сустракаючыся увечары здароваюцца словам «Дабрывечар!».
Апрача таго, у Цэнтральнай Беларусі (паветы: Барысаўскі, Лепельскі) Крывічы здароваюць словам «Дабраслаў!»
Вялікую пашану выказуем вітаючы словам «Чалом». Прыклады: «Чалом! чалом! вераб'ю, лятуць к табе госьці, ляці барджджэй пераймаць важных егамосьцяў» (з нар. песьні).
Ішла Купалка сялом, сялом,
Вітала хлопцаў чалом, чалом
З купальскае песьні.
А вы жоначкі, вы лябёдачкі,
Чалом вам!
Ці не заляцела наша курачка
Учора к вам?
Ром. VIII, 378.
Чалом, чалом ацец-татулька! Пачатак верша ў «Маяку» 1843 г., т. IX, кн. XVII, разьдз. V, 33.
Палякі здарованьне «чалом!» перанялі ад Крывічоў.
Вельмі часта, незалежна ад пары дня, пры гэтым кажацца: «Як маешся? як маецеся? (=м. «как поживаешь?»).
Разьвітуючыся, той, што адыходзе, кажа таму ці тым, што застаюцца: «Заставайся (заставайцеся) здароў! (здаровы!)». На гэта адзержуе адказ: «Ідзі (пайдзі, хадзі), ідзеце (пайдзеце, хадзеце) здароў! здаровы! (здаровенькі!» Тыя, што застаюцца, часта скажуць: «з Богам!».
Гэтак Крывічане разьвітуюцца ня толькі цяперка, але таксама й даўней, прыкладам: Сыну мой, Іса, астанься здароў! а я ужо адыйду. Аль кітаб 96 б. 11.
Растаючыся ўвечары кажуць такжа узаемна: «Дабранач!»
Разыходзячыся кажуць узаемна адны адным: «Бывай здароў! Бывайце здаровы! (здаровенькі!)», а ўвечары такжа «Дабранач!».
Вельмі часта «Заставайся, заставайцеся здароў, здаровы! Бывай,— це здароў, здаровы!» скарачаюцца ў вадно «Заставайся,—цеся, бывай,—це!».
Калі растаючыся хочуць адцеміць жаданьне ізноў пабачыцца, дык кажуць: «Да пабачаньня!».
Праходзячы ля працуючых, кажуць: «Памажы, Божа!» на што адказуюць: «Дзякуй!»
79 👁