Лексіка гаворак Беларускага Прыпяцкага Палесся (2008)

 ◀  / 354  ▶ 
Блізкасць рассялення балтаў і праславян спрыяла таму, што да вылучэння праславянскай мовы як самастойнай недзе на пачатку ІІ тыс. да н. э. існаваў кароткі перыяд балта-славянскага адзінства. Балта-славянская група - самая цесная ў індаеўрапейскай сям'і група з пункту гледжання блізкасці і падабенства моў пасля індаіранскай. Першы, асноўны перыяд праславянскай мовы працягваўся да V ст. н. э. да вялікіх міграцый праславян на ўсход, захад і поўдзень. Каля!V ст. н. э. праславянская мова ўжо займала тэрыторыю паміж Одрай і Віслай і Сярэднім Дняпром, на поўначы - да Балтыйскага мора і Мазурскага Прыазёр'я, Падляшша і басейна Прыпяці, на поўдні - да Карпат і Судэтаў. У V ст., як гаварылася, гэтыя тэрыторыі пашырыліся ў кірунку Верхняга Дняпра і на поўнач ад Прыпяці, на былыя балцкія землі. Пасля 500 г. н. э. славяне перайшлі Карпаты і Судэты. У VI-VII стст. яны запаланілі ўвесь Балканскі паўвостраў, пранікаючы нават у Пелапанес і на астравы Эгейскага мора. У VI ст. славянамі былі заселены Усходнія Альпы (цяперашняя Ніжняя Аўстрыя, Штырыя і Карынція). Да Х ст. славяне занялі вялізныя абшары ад поўдня Ютланскага паўвострава да Фінскага заліва і вытокаў Акі і Волгі (на поўначы) да Сярэдняга Дняпра (на ўсходзе) і да Ніжняй Лабы, Чэшскага Лесу і ўсходніх Альпаў - на захадзе. Як доўга працягваўся перыяд праславянскай мовы? Як паказваюць меркаванні вучоных, Х век быў важным перыядам канчатковага распаду праславянскага адзінства, аддзялення паўночных славянаў ад паўднёвых. Гэтаму спрыяў прыход мадзьяраў у ІХ ст. у Панонію. З дыялектна-дыферэнцыраванай праславянскай мовы паступова вылучаюцца асобныя славянскія мовы (F. Sławski. Jўzyki indoeuropejskie, II. Warszawa, 1988, PWN. С. 908-914). Аднак асобная палеская мова не ўзнікла - не спрыялі гістарычныя абставіны. Як ускраінная тэрыторыя, Палессе заўсёды ўваходзіла ў вялікія і моцныя тэрытарыяльныя ўтварэнні. Нягледзячы на гэта палескія гаворкі выяўляюць архаічны характар, хоць і з'яўляюцца вельмі разнастайнымі. Калі на іншай беларускай тэрыторыі гаворкі большменш блізкія паміж сабой, аднастайныя, то на Палессі гаворкі суседніх вёсак значна адрозніваюцца адна ад адной. Гэты факт можа тлумачыцца як шматлікімі міграцыямі на працягу гістарычнага перыяду, так і прытокам суседняга насельніцтва (у асноўным - з украінскай тэрыторыі), які неаднаразова меў месца пасля разбуральных і знішчальных войнаў, што неаднаразова пракочваліся праз Палессе і Беларусь. Актыўнае вывучэнне гаворак Беларускага Палесся пачалося ў 60-х гадах мінулага стагоддзя пасля прыняцця рэзалюцыі Першай усесаюзнай каардынацыйнай нарады па актуальных праблемах славяназнаўства, якая адбылася ў Маскве ў студзені 1961 г. Галаўной установай па распрацоўцы і даследаванні палескіх гаворак быў зацверджаны Інстытут славяназнаўства АН СССР. Кіраўніком тэмы быў прызначаны ст. нав. супрацоўнік Інстытута Мікіта Ільіч Талстой. Вывучэнне палескіх гаворак было ўключана ў сямігадовы навуковы план Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР. Інстытут вызначыў агульныя задачы даследаванняў, быў распрацаваны дэтальны план будучых работ. Кіраўнік тэмы прапанаваў свой метад збірання і апрацоўкі сабранага дыялектнага матэрыялу. Галоўная ўвага звярталася на метады і тэхніку збору, а таксама на семантыку слоў. Дакладнае выяўленне ўсіх значэнняў слова давала магчымасць для ўстанаўлення семантычных мікрапалёў з пэўнымі дыферэнцыяльнымі прыкметамі. З 1962 г. пачаўся збор дыялектнага матэрыялу на тэрыторыі Палесся. У экспедыцыях прымалі ўдзел таксама супрацоўнікі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР. Яны ў асноўным праводзілі апытанні ў вёсках Брэсцкай і Гомельскай абласцей. Менавіта ў гэтай своеасаблівай лінгвістычнай вобласці інтэнсіўнасць моўных кантактаў ніжэйшая, чым у іншых зонах Беларусі, што дало магчымасць выявіць рэальную карціну першасных узаемаадносін гэтых гаворак. Важнасць палескага дыялектнага матэрыялу ў сувязі з гэтым павышаецца пры рэканструкцыі папярэдніх этапаў развіцця славянскіх моў
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.

Дадатковыя словы

j^zyki, зяўляюцца, прыазёря
11 👁
 ◀  / 354  ▶