АПХВЭНДАЦЬ зак. Апырскаць, абліць. Апхвэндала пальто, цяпер трэба чысьціць. Ні апхвэндай малаком сьцяну.
АСКРАБАНКА ж. Вымова. Назаўтра я доў дзяцьку аскрабанку за тоя, што ўмішаўся ў нашу сварку.
АСТРАШЫЦЦА зак. Перастаць баяцца, асвоіцца. Каровы ўжо астрашыліся і праз двор ідуць спакойна.
БАРБУХА ж. Божая кароўка. Барбуха, барбуха, гарэлая бруха! Ці пень ці калода? Якая заўтра пагода? Як дош, дык сядзі, як пагода — ляці! (Дзіцячая гаданка аб пагодзе.)
БАХ выкл. Далоў, на падлогу (у размове з дзецьмі). Ну-ну, ідзі бах, ідзі пагуляй.
БУРАКІ мн. Боршч. К дзеню я пастаўлю ў печ буракоў.
БУРДЗЁЛКА ж. Пярэсна. Бурдзёлкі растуць у маладым альхоўніку.
БУХАЦЬ зак. Надрыўна кашляць. Цэлую ноч бухаў тата, а раніцай не мох падняцца: балела галава.
ВОБУЙ м. Гл. абуваньня. Дзяцей поўная хата, аднаго вобую трэба вун сколька.
ВОДЗІДЗЕ прысл. Вось, вот. Водзідзе ш ляжыць дошка, а ты забыўся, чаго шукаіш.
ВЫМКНУЦЦА зак. Прагаварыцца. Кап я ня вымкнулася пра Лазаўцы [вёска], дык ніхто ня ведаў бы, куды паедзім на каляды.
ГАЙДАМАЧЫЦЬ незак., ПРАГАЙДАМАЧЫЦЬ зак. Марнатравіць, траціць без патрэбы. Ня трэба гайдамачыць грошы, яны ўсягды спатрэбяцца. Можна прагайдамачыць усё дабро, а посьля што рабіць?
ГАРАХВЯНІШЧА н. 1. Поле, дзе рос гарох. Кароў пасуць на гарахвянішчы. 2. Гарохавая салома. Гарох абмалацілі, гарахвянішча злажылі ў стох.
ГНАЁЎКА і ГНАЯЎКА ж. Адна з дзвюх шырокіх дошак, якія закладваюцца па баках калёс (калі возяць гной, пясок, гліну). Прынясі, дзеткі, гнаёўку, ля лазьні ляжыць. Трэба ш схадзіць да Паўлюка па гнаяўкі.
ГРАБА ж. Канава. Даўней як разьліецца граба, дык пат самую хату вада патходзя. Па ваду мы хадзілі да грабы: там бый калодзісь.
ГРАЦКОЎЯ н. 1. Поле, дзе расла грэчка. Сягоньня атпасьцілі кароў на грацкоўі. 2. Грэчневая салома. Грацкоўя можна злажыць і ў стажок.
77 👁