Н. Ц. Кажура
З ЛЕКСІКІ в. ГОЛЬЧЫЧЫ СЛУЦКАГА РАЁНА
Вёска Гольчычы знаходзіцца ў 15 км ад Слуцка. Найбольш яркімі асаблівасцямі гаворкі з'яўляюцца: наяўнасць моцнага якання (будзя, ня дай бог, пабудзьця тут), наяўнасць канчатка -а ў назоўным склоне множнага ліку назоўнікаў ніякага роду (парасята, цялята), дысімілятыўная мяккасць зычных (есьці, посьля, сьвет, сьмешна, сьпіца), наяўнасць чаргавання зычных ц—ч (цялесьнікі—чалесьнікі, цыкацца—чыкацца) і інш. Параўнальна нешматлікія адрозненні ў галіне лексікі. З ліку найбольш цікавых можна прывесці наступныя словы, не зафіксаваныя ў «Беларуска-рускім слоўніку» (1962).
АБАПАЛАК прысл. Абапал. Бывала пасядуць абапалак, з аднаго боку і з другога, ды яшчэ ззаду, кожнаму трэба даць есьці, а дзе узяць?
АБАПІНАНКА ж. Вялікая хустка, якой накрываюцца ў дарозе ў халоднае ці мокрае надвор'е. Холадна ж вельма сёння. Вазьмі абапінанку ў дарогу — цяплей будзя ехаць.
АБІРЫЧЫЦЬ зак. Коратка падстрыгчы, абрэзаць. Ён заснуў і спаў, а я абірычыў, як захацеў, пад гаршчок, самому сьмешна стала.
АБНЯХАЯЦЦА зак. Апусціцца. Гэта ж так абняхаялася я, нічога рабіць не хочацца, нічога мяне ня радуе.
АБШАР м. Некалькі сельскагаспадарчых будынкаў пад адным дахам. У вайну усё пагарэла, сатлела, адны галавешкі асталіся. Тут цэлы абшар стаяў: і хлеў, і стопка, і падпавець, і другія прыбудоўкі,— прышлося занава адбудоўвацца.
АГЛЯДЗІНЫ мн. Агледзіны. Мірон зруп прадае, учора прыяжджалі на аглядзіны, мабыць, нічога ня вышла, дорага просіць, завярнуў вялікую цану, праўда ж, і зруп новянькі, да й столькі труда ўложана.
85 👁