БОГ м. Абраз. У нас ужо ў каго бог е, а ў каго няма, але рушнік вісіць [традыцыя ўпрыгожваць кут у хаце ручніком]. Хутар Чэрв.
БОМА: ПАД БОМУ. Крыць страху пад стрыхоўку (гл.). Лускава Лаг.
БРЫДКІ прым. Непрыстойны. Не, гэта песня брыдкая, пра дзіця знайдзёнае. Рум Валож.
БРЫТВАН, БРЫТВАНОК м. Формы для выпякання хлеба. Палессе Віл.
БУДУШЧЫ прым. Мінулы, прошлы. Што прайшоў. у будушчым гаду. У будушчым гаду пасадзіла яблыню. У будушчым гаду было макрэйшае лета. Пронькі, Балашы Мядз. (б. Свірскі).
БУЛЬБЕШНІК м. Бульбоўнік (націна бульбы). Балашы Мядз.
БУЛЬМА ж. Бульба. Не было ні хлеба, ні бульмачкі. У цябе няма каня бульму заскародзіць? Хутар Чэрв.
БУМЧЭЦЬ незак. Бурчаць, увесь час выказваць сваю незадаволенасць. Гэта старая, яна вечна бумчэла, то яны яе не любяць. Мацеева Лаг.
БУРЫ прым. Смуглявы (пра чалавека). Чорны такі, буры ў ліцы. Калачы Лаг.
БУТЭЛЬКОВЫ прым. Бутэлечны. Піва бутэльковае, закаркована. Палессе Віл.
БЫЧОК м. Беларускі народны танец, з'яўляўся таксама часткай, асобным «каленам» кадрылі. Бычок — гэта ў кадрылі. Роспы Кап.
ВАЛАЧОМНІК м. Валачобнік. На пасху валачомнікі ходзяць і пяюць па дварах, маладзёш і жанатые. Так было раней. Рабунь Віл.
ВАЛАЧЭЎНІК м. Валачобнік. Ідуць, гудуць валачэўнікі. (З песні.) Першаі, Рум, Саланая Валож.
ВАЛАЧЭЎНЫ прым. Валачобны. Валачэўная песьня, гаспадаром, сыном, дзеўцы пяюць. Рум, Бомбала Валож.
ВАЛЕЛЮЯ ж. Так называюць даўні звычай абходу валачобнікаў, ад аднаго з прыпеваў да велікодных песень алілуя. На вельканоц валоўнікі (гл.) хадзілі. Ну, пайдзём, кажа, у валелюю. Каракулічы Мядз.
ВАЛОЎНІК м. Валачобнік. На вельканоц валоўнікі хадзілі. Музыку бяруць, зьберацца чалавек дзесяць-пітнаццаць, ходзяць і пяюць алялюю, а ім даюць яйкі. Каракулічы Мядз.
80 👁